Гімн БАТЭ спявае сын трэнера, а песню для “Дынама” напісалі “Ляпісы”

Еўрарадыё склала хіт-парад гімнаў футбольных клубаў вышэйшай лігі. Як высветлілася, музыку для нашых каманд у свой час пісалі Міхалок, Арлоў і Шырын, а таксама гурт “Бан-Жвірба”. (СЛУХАЦЬ) Адкрывае наш хіт-парад гімн чэмпіёна Беларусі — барысаўскага БАТЭ. Няхітрую мелодыю невядомы выканаўца аранжыраваў на нечым накшталт школьнага сінтэзатара. 1980-я фарэва...



Ці ведаюць футбалісты БАТЭ словы гімна сваёй каманды? З гэтым пытаннем Еўрарадыё звярнулася да галоўнага трэнера барысаўскага клуба Віктара Ганчарэнкі.

Віктар Ганчарэнка: “Ён мне падабаецца. Мы ўжо даўно яго слухаем. Прызвычаіліся. Было шмат варыянтаў, каб замяніць яго. Але ўсім падабаецца, і таму вырашылі пакінуць.

Натуральна, словы я ведаю. Хаця не скажу, каб дасканала. Але галоўнае, што мой сын, якому два з паловай гады, спявае: “Наш БАТЭ заўжды будзе першым!”. Вось гэта — значная падзея”.


“Шахцёр” з Салігорска нашмат больш дбае пра свой імідж. Напісаць гімн клуба запрасілі Рамана Арлова, які на той час быў гітарыстам гуртоў “Чехов” і J:МОРС.



Прычым музыка выступіў у нязвыклай для сябе ролі аўтара слоў, а мелодыю стварыў кампазітар Леанід Шырын.

Раман Арлоў: “Гімн быў напісаны, калі яны зрабіліся чэмпіёнамі. Праца была вельмі прыемная: я напісаў тэкст, скарыстаўшыся некалькімі фразамі, якія прыдумаў мой “футбольны” брат Багдан.

Магу сказаць, што ФК “Шахцёр” выканаў усе фінансавыя абавязкі перад намі. Хаця на той момант карма была не вельмі, бо быў прыклад клуба, які замовіў музыкам гімн, але пасля не заплаціў”.


А вось гурт “Ляпіс Трубяцкой” з мінскага “Дынама” грошай за гімн браць не стаў. І тлумачыцца гэта проста: дырэктар “Ляпісаў” Яўген Калмыкоў — даўні дынамаўскі заўзятар.

Яўген Калмыкоў: “Асабіста я з дзяцінства быў заўзятарам футбольнага “Дынама”. І калі яны папрасілі напісаць — Міхалок сеў і напісаў. І мы гэтую тэму забылі. Нічога нам за гэта не плацілі, гэта не было камерцыйнай здзелкай.



І выканалі “Ляпісы” гэтую песню толькі аднойчы, у “Рэактары”, калі там было нейкае свята мінскага “Дынама”.

Дзіўная гісторыя адбылася з гімнам бабруйскай “Белшыны”. Яшчэ ў 1998 годзе яго склала мясцовая гурт “Сенат”. Але апаратура на стадыёне “шыннікаў” была настолькі старой, што гімн давялося перапісаць на бабіну! Песню цэлы сезон спраўна круцілі перад хатнімі матчамі і ў перапынках. Праўда, якасць запісу дазваляла пачуць словы толькі тады, калі іх ведаеш... А ў міжсезонні запіс згубіўся.

Замест гімна “Белшыны” прапануем вам атрымаць сумнеўную асалоду ад песні “Наш клуб” — афіцыйнага сімвала жодзінскага “Тарпеда”. Бо які ж БелАЗ без пакрышак?!



Шэраг клубаў, так бы мовіць, цяпер у працэсе стварэння гімна. Напрыклад, на сайце ФК “Віцебск” у рубрыцы “Пытанне-адказ” нехта Sergei пытаецца, ці ёсць гімн у яго ўлюбёнай каманды.

А сайт і адказвае яму: “На жаль, на гэты момант у нашага клуба няма афіцыйнага гімна, аднак мы адкрытыя для супрацоўніцтва і ў гэтым пытанні. З задавальненнем разгледзім вашыя прапановы. [email protected]наш электронны адрас”.

Яшчэ больш “адкрытыя для супрацоўніцтва” ў магілёўскім “Дняпры”. Настолькі адкрытыя, што калі карэспандэнт Еўрарадыё спытаўся там пра гімн клуба, яму адразу ж прапанавалі... напісаць яго!

“Ведаеце, мы не можам знайсці людзей з музычнай адукацыяй і каб яны што-небудзь вартае прапанавалі, — скардзіцца прэс-сакратар “Дняпра” Раман Лагоўскі. — Тэлефануюць гітарысты-барды — гэта ўсё не тое, вядома... А гімн патрэбны, так. Можа, з вамі ў нас атрымаецца пасупрацоўнічаць? Вы падумайце, калі ласка, а мы тут падумаем, як вам аддзячыць!”

Натуральна, папярэдне мы пагадзіліся на гэтую “халтурку”. Канкураваць з такімі зоркамі, як “Ляпіс Трубяцкой” ды Раман Арлоў, вядома ж, крыху боязна. Але іншыя гімны надаюць нам упэўненасці ва ўласных сілах. Напрыклад, гімн гродзенскага “Нёмана”: хіба нам так слабо?!



Але ўсё роўна лепш не будзем тут выкладаць нашыя першыя нататкі. Лепей паслухаць яшчэ некалькі гімнаў беларускіх футбольных клубаў з вышэйшай лігі нацыянальнага першынства. Атрымлівайце асалоду!



Гімн ФК “Мінск” супадае з гімнам беларускай сталіцы.



Мінскі “Партызан” атрымаў гімн у спадчыну ад МТЗ-РІПА. Паводле словаў дырэктара клуба Людаса Румбуціса, змяняць гімн каманда не плануе.



Гімн ФК “Гомель” напісаны пры ўдзеле музыкаў фолк-гурта “Бан-Жвірба”. Тады “Гомель” яшчэ гуляў у вышэйшай лізе, а зараз скаціўся ў першую. Але праігнараваць гэты твор, напісаны ў лепшых традыцыях англійскай Прэм’ер-лігі, нам не дазволіла сумленне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі