Гомельскія актывісты прыбіралі на магілах ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў

1 лістапада гомельскія дэмакраты правялі талаку і навялі парадак у трох месцах горада, дзе падчас сталінскіх рэпрэсіяў масава расстрэльвалі мірных жыхароў. Гэтыя месцы знаходзяцца на 9 кіламетры абапал Чарнігаўскай шашы, паведамляе Радыё Свабода. Напачатку актывісты пафарбавалі пакутны крыж ахвярам бальшавіцкай дыктатуры 1919-1940 гадоў, які стаць пры самай шашы. Потым група раздзялілася. Адны паехалі прыбіраць тэрыторыю на месцы масавых пахаванняў ва ўрочышчах Тры Слупы і Боркі па левы бок Чарнігаўскай шашы. Улетку 2007 году салдаты 52 пошукавага батальёну Міністэрства абароны адкапалі тут парэшткі 70 расстраляных людзей. Раённыя ўлады на месцы расстрэлу ўсталявалі крыж, а дэмакратычныя актывісты паклалі памятны камень з надпісам: “Тваім пакутнікам, Беларусь”.

Яшчэ адна група накіравалася ў Шчыкатоўскі лес, што па правы бок Чарнігаўскай шашы. Тут яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя былі знойдзены масавыя пахаванні людзей. На месцы расстрэлаў усталяваны драўляны крыж, насыпаны надмагільны ўзгорак, які абнеслі важкім ланцугом.

У наступным годзе, паводле хрысціянскай традыцыі, гомельскія актывісты мяркуюць усталяваць на месцы масавых расстрэлаў  новыя крыжы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі