Гомельскія ўлады павялічылі колькасць месцаў для агітацыі
Гомельскі гарвыканкам унёс змены ў сваё рашэнне аб месцах для правядзення кандыдатамі ў прэзідэнты перадвыбарнай агітацыі. Цяпер у абласным цэнтры дазволена выкарыстоўваць у якасці агітацыйных пляцовак любыя прыдатныя для гэтых мэтаў месцы на тэрыторыі горада. Выключэнне складаюць тэрыторыі падземных пераходаў, мастоў і шляхаправодаў, падарожнай часткі аўтамабільных дарог, а таксама плошчаў Леніна, Паўстання і Прывакзальнай. Таксама забаронена выстаўляць пікеты бліжэй за 200 метраў ад будынку тэлерадыёцэнтра, а таксама на тэрыторыях, размешчаных на адлегласці меней за 50 метраў ад будынкаў прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў улады, судоў, органаў пракуратуры, прадпрыемстваў вода-, цепла- і энергазабеспячэння, паліклінік, дзіцячых дашкольных устаноў і ўстаноў адукацыі ўсіх тыпаў, паведамляе газета “Савецкі раён”.