Gorillaz "аформілі" трансляцыі ВВС з Алімпіяды (відэа)

Да пачатку летняй Алімпіяды ў Пекіне засталося ўсяго некалькі дзён, і, пакуль спартоўцы рыхтуюцца да спаборніцтваў, сусветныя тэлекампаніі, якія будуць асвятляць гэтую падзею, завяршаюць падрыхтоўку да бітвы за гледача. Кожная тэлекампанія будзе імкнуцца чымсьці здзівіць публіку падчас алімпійскіх тэлепраграм і ў перапынку паміж імі. Адзін з самых цікавых накіраваных на гэта праектаў прыдумала брытанская тэлекампанія BBC, якая прапанавала стварыць усё графічнае і музычнае афармленне будучых трансляцый заснавальнікам знакамітага "віртуальнага" гурта Gorillaz — Дэйману Албарну і Джэймі Х'юлету. Створаная імі серыя анімацыйных ролікаў выканана ў стылі іх папярэдняга сумеснага твору, оперы "Вандроўка малпы на Захад", заснаванай на аднайменным кітайскім класічным рамане.

У галоўным, дзвюххвілінным кліпе серыі пад музыку з оперы каротка выкладзены яе сюжэт з “алімпійскімі карэктывамі”. Так, вандроўка на Захад становіцца вандроўкай на Ўсход, у Пекін. Малпа і ягоныя сябры на сваім шляху на Алімпійскі стадыён змагаюцца з цмокамі і дэманамі, прычым выкарыстоўваюць не толькі магію, але і навыкі і ўменні з алімпійскіх відаў спорту.

Дарэчы, прыхільнікаў Gorillaz можа не бянтэжыць слова "опера": нягледзячы на багацце кітайскіх матываў, фірмовыя прыёмы гурта дастаткова добра пазнаюцца.



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі