Graffiti Open Music Fest распачаў спарынгавы марафон

Фестываль абяцае быць першым буйным беларускім музычным спарынгам, пераможцы якога атрымаюць грошы, магчымасць запісу, бясплатныя рэпетыцыі і не толькі... 26-га студзеня распачаўся Graffiti Open Music Fest. Вялікага натоўпу меламанаў, на жаль, заўважана не было. Здаецца, што паб Графіці вырашыў адыйсці ад звыклага фестывальнага фармату, таму пачатак афіцыйнага адкрыцця і цырымонія прадстаўлення гуртоў, якія выступалі ў першы дзень, адбыліся не на пачатку канцэрту, а пасля выступу першага удзельніка Hair Peace Salon.

Правілы галасаванкі за ўдзельнікаў фестывалю наступныя: кожны, хто набыў квіток на канцэрт, атрымоўвае жэтон, які роўны 5-ці балам (кошт 15.000). Гэтымі жэтонамі можна галасаваць за любімую каманду адразу ў бары Графіці. Акрамя слухачоў, на канцэртах працуе суддзя. Кожны суддзя мае голас, які роўны 50-ці балам.

У першы дзень судзіў фестываль Вячаслаў Радыёнаў, блогер «slaver_be», галоўны рэдактар музычнага парталу www.ultramusic.com:

Вечаслаў Радыёнаў:
“Напэўна, адсоткаў 80 гуртоў вельмі слабыя. І для мяне вялікае расчараванне, што з усіх тых, хто мне больш за ўсё спадабаўся, няма ніводнага новага імя. Гэта для мяне трагедыя. Я спадзяваўся пачуць са 103-х гуртоў які-небудзь новы, які рэальна зачэпіць. Зачапілі тыя, каго я і так ведаю. Я найвялікшы бал паставіў 2-м гуртам. Гэта Akuta з Магілёву і Jenowa з Віцебску. Гэта мае фаварыты”.

Галасаваць за ўдзельнікаў фестывалю можна і без праслухоўвання іх на канцэртах. Пасля 23.00 кожны аўторак на сайце фэста http://open.graffiti.by распачынаецца галасаванка (адзін голас роўны аднаму балу), якая працягнецца да наступнага панядзелка. А ў аўторак на сцэну выйдуць ужо наступныя тры гурты. І так будзе да 13-га красавіка, пакуль не скончыцца першы тур фестывалю.
Такім чынам, першы дзень фэсту пачаўся з Hair Peace Salon.

Музыкі Hair Peace Salon распавялі Еўрарадыё, што спадзяюцца на месца лідэра:

“Мы самыя першыя выйшлі на сцэну фестывалю і спадзяемся, што першымі і застанемся”. Што тычыцца сэнсу ўдзелу ў «Graffiti Open Music Fest»", - Hair Peace Salon шчыра расказалі пра свае чаканні ад фэсту.

Hair Peace Salon:
"Чакаем, як звычайна, прызнання публікі. Граем, як заўжды, для сябе. Ты ж калі песню спяваеш, робішся шчаслівым чалавекам! Як жа можна гэтага не рабіць! Нехта з нашых падаў заяўку. Мы не ведалі, што тут адбудзецца, аднак з задавальненнем прынялі запрашэнне. Мы ні да каго не ставімся, як да канкурэнтаў, а лічым, што ў мастацтве спаборніцтвы недарэчныя. Хто лепшы: Сальвадор Далі ці Леанарда да Вінчы?"

Сэт Hair Peace Salon стаў выдатным пачаткам праекту. Густоўная музыка, прыемныя аранжыроўкі, лагодны гук. Публіка крычала ў захапленні «брава!» пасля кожнай песні, а хлопцы з Hair Peace Salon літаральна свяціліся ад шчасця, выконваючы свае лепшыя песні. Менавіта «шлягеры» абралі музыкі для свайго фестывальнага выступу.

Наступнымі прэзентаваў сваю праграму гурт Silicon, які выконвае выдатны сёрф. Хлопцы раз-пораз нагадвалі слухачам пра 60-я гады і разварушылі Графіці хуткімі тэмпамі. Еўрарадыё падалося, што ўсе мы раптам апынуліся ў фільмах Квенціна Таранціна! Silicon засёрфілі нават вядомую ўсяму свету «Хава нагіла», чым моцна ўзрадавалі прысутных прыхільнікаў габрэйскіх мелодый.

 Бас-гітарыст Silicon Сяргей Савастеня прызнаўся, што акрамя Hair Peace Salon  ён з удзельнікаў фестывалю нікога не ведае і ўвогуле не разумее, што адбываецца на «Graffiti Open Music Fest».

Гурт «Бульваръ» закрываў першы фестывальны дзень расійскай лірыкай  пад акампанемент рамантычнай мяшанкі з «русского рока», рытмаў боса-новы і стандартных рок-блюзавых хадоў.

Міша(вакаліст гурта) распавёў Еўрарадыё, што выступ на «Graffiti Open Music Fest»  стаў для яго неспадзяванкай, а на пытанне, чаго «Бульваръ» чакае ад фестывалю Міхаіл адказаў, што нічога, акрамя магчымасці чарговы раз выступіць яго не цікавіць.

Вось, як прагаласавалі наведвальнікі першага дня «Graffiti Open Music Fest» і суддзя Вечаслаў Радыёнаў. Slaver-be заўважыў, што Hair Peace Salon сталі лепш граць і гучаць, што Silicon выдаюць супер-сёрф, што «Бульваръ» абраў шырокую музычную прастору і параіў ім больш  працаваць.

Свае 50 балаў Славер падзяліў паміж гуртамі Hair Peace Salon і Silicon, а слухачы размеркавалі свае галасы наступным чынам:

Hair Peace Salon - 105 балаў.

Silicon– 40 балаў

«Бульваръ»– 40 балаў

Нагадаем вам, што сачыць за праектам і даведацца больш пра канкурсантаў можна на адмысловай старонцы фэсту http://open.graffiti.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі