Гродзенскія філатэлісты збіраюцца судзіцца з “Белпоштай”

Гродзенскія філатэлісты накіравалі скаргу міністру сувязі і інфарматызацыі, у якой просяць высветліць справу наконт “падмана з выпускам паштовых марак”. Паводле іх словаў, на працягу 2007-га года “робяцца незразумелыя рэчы з выпускам у абарачэнне паштовых марак Рэспублікі Беларусь”.
У інтэрв’ю “Еўрарадыё” кіраўнік гродзенскага Саюза філатэлістаў Фёдар Гушча так патлумачыў пазіцыю сваёй арганізацыі:

“Беларусь – адзіная краіна ў свеце, якая не мае цвёрдага плана. Нават такія маленькія дзяржавы, як выспа Фіджы, выспа Мэн, і тыя прытрымліваюцца тэрмінаў выпуску марак.

Сёлета ў Беларусі за 9 месяцаў выпусцілі з аб’яўленага толькі 30% марак. А мы абанемент падпісваем. Яны ж павінны выконваць умовы!”.


Праз абанементы філатэлісты фактычна заключаюць дамову з “Белпоштай”. А паколькі яна свае абявязкі не выконвае, дык у выпадку, калі да канца года сітуацыя не зменіцца, на яе калекцыянеры пададуць у суд.

Фёдар Гушча кажа, што ў гэтым спадзяецца на дапамогу Таварыства абароны спажыўцоў.

Сяргей Апановіч, Еўрарадыё, Гродна

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі