Грыб: Як ацаніць сілавікоў, калі чалавек на працягу гадоў рабіў тэракты?

Падазраваным у мінскім выбуху прыпісваюць і "аўтарства" віцебскіх выбухаў 2005 года. Акрамя таго, псіхолагі заявілі пра псіхічную неўранаважанасць аўтараў тэракту.

Еўрарадыё звярнулася па каментар да генэрал-лейтэнанта міліцыі ў адстаўцы Мечыслава Грыба. Нагадаем, што менавіта пад яго кіраўніцтвам быў затрыманы вядомы "віцебскі маньяк" Міхасевіч.

Паводле ацэнкі эксперта, мінскі тэракт сапраўды маглі раскрыць за суткі.

Грыб: “На сённяшні час усё можа быць рэальна, бо, наколькі мне вядома, усе платформы ўсіх станцый метро знаходзяцца пад відэаназіраннем… Калі гэта так здарылася, што пашанцавала так хутка раскрыць, то гэта было б добра, але мне цяжка казаць, ці так на самой справе”.

Нагадаем, што ў справе пра віцебскія выбухі ўжо былі абвінавачаныя браты Юры і Віталь Мурашкі. Аднак следства было вымушанае іх адпусціць, бо не мела доказаў іх удзелу ў злачынстве. Мечыслаў Грыб кажа, што беларуская Феміда неаднаразова дапускала памылкі, прыцягваючы да адказнасці невінаватых. Так, па справе Міхасевіча былі асуджаныя 12 чалавек і 1 нават расстраляны. Па "Мосарскай справе" да адказнасці прыцягнулі чатырох чалавек, а потым вызвалілі. Мечыслаў Грыб не выключае, што і ў цяперашняй справе могуць быць памылкі.

Што праўда, ў справе выбухаў і тэрактаў Грыб, як сам адзначае, не спецыяліст:

Грыб: “Але я ведаю, што тэрарыстычныя акты здзяйсняюць не толькі маньякі, але і людзі па сваіх рэлігійных перакананнях, самазабойцы. Іх могуць утвараць і арганізацыі тэрарыстычныя групоўкі. І могуць утвараць дыверсанты, замежныя разведчыкі і г д. У жыцці нічога нельга выключаць, хто там гэты чалавек, які затрыманы, што ён расказвае, што паказвае. Калі ён на працягу шэрагу гадоў здзейсніў акт і ў Віцебску, і ў Мінску ў 2008 годзе, і ў 2011 годзе... Якую ацэнку можна паставіць усім сілавікам, якія займаліся расследаваннем гэтай справы, калі гэты чалавек быў тут і пражываў тут? Гэта будзе ўжо другое следства”.

Ці азначае гэта, што міліцэйскую сістэму чакаюць чысткі? Грыб кажа, што пасля суда над абвінавачанымі можа пачацца службовае разбіральніцтва ў праваахоўных органах. Магчыма нават, што распачнуць і крымінальную справу.

Фота: udf.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі