Гуканне вясны… падушкамі! (фотарэпартаж)

Не паспеў дзень перамагчы ноч, як дзясяткі маладзёнаў выйшлі нагадаць пра гэта людзям на вуліцах Мінску. Спосаб для гэтага яны выбралі незвычайны Стварыўшы чарговую сустрэчу ў кантакце, на якую запісалася ледзь не 1000 чалавек, арганізатары чакалі аншлагу і… дачакаліся! Усё пачалося імкліва: ля кінатэатра “Кастрычнік” каля 15 гадзінаў з’явіўся хлопец у піжаме і з вялізным плюшавым сабакам пад пахай, сеў на асфальт і даў сігнал свістком. Па сігнале з розных частак вуліцы ў адну кропку панесліся насустрач адно аднаму дзясяткі людзей, дастаючы з пакетаў падушкі. “Бойка” была гучнай і “па-сапраўднаму”: камусьці добра ўвалілі па галаве трыма падушкамі адразу, але ніхто не адступіў. Біліся некалькі хвілін, пасля чаго, таксама па сігнале, разыйшліся ў розныя бакі.







Потым была запланаваная сустрэча ўсіх удзельнікаў у іншым месцы горада, дзе былі раздадзеныя чарговыя правілы.



У выніку вялізная група “мобераў” рушыла ў метро, дзе дыспечарка адразу і расхвалявалася, і стала па гучнай сувязі клікаць міліцыю, але не паспела: у групы было некалькі неадкладных заданняў — трэба было сесці ў метро з падушкамі пад курткамі. На станцыі  метро “Ўсход” ва ўсяго цягніка пачаліся “роды”: з енкамі ды лямантам кожны мобер “нарадзіў” сваю падушку і надзеў яе сабе на галаву. Потым моберы пераселі на канцавым прыпынку на іншы цягнік, які прывёз іх у цэнтр. Па дарозе яны таксама часу не гублялі: у кожным вагоне было “спальнае аддзяленне” – кожны ў абдымку са сваёй падушкай, праспаў на сядзеннях ды на падлозе ажно да стацыі “плошча Незалежнасці”.







Затым быў чарговы збор з новымі прыдумкамі: спачатку ўдзельнікі імітавалі перастрэлку на Нямізе, а потым урачыста ўсе разам падкінулі свае падушкі і разыйшліся. Сустрэчныя людзі смяяліся, здымалі на мабільнікі і ўсміхаліся вясёлай кампаніі.



Атрымалася незвычайна і яскрава падказаць мінчукам, што трэба забывацца на сон, пачынаць усміхацца і радавацца. Бо вось ужо, хутка-хутка надыйдзе сапраўдная сонечная вясна!



Фота аўтаркі



Пра яшчэ адзін флэш-моб гл.: Мыльная феерыя для закаханых

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі