Гулак: Палітызаванасць пытання аб мараторыі замінае ўспрымаць яго сутнасць

120319 GulakS.mp3

Еўрарадыё: “Гуманізацыя крымінальнага пакарання” закранае толькі пытанне адмены смяротнага пакарання, ці будзе тычыцца таксама крымінальнага кодэксу, ці ўмоваў турэмнага заключэння?


Гулак: Безумоўна, гэта – праблема комплексная. Смяротная кара – гэта частка дзікунскіх, з пункту гледжання сучаснага грамадства, стаўленняў да злачынцаў, да праблемы барацьбы са злачынствам. Яна ўключае, таксама, і пытанне, на які тэрмін злачынцаў прыгаворваюць, у якіх умовах яны адбываюць пакаранне, якія працэдуры – сур’ёзны комплексны падыход павінен быць.

Еўрарадыё: Думкі грамадства наконт смяротнага пакарання розныя. Ці павінна дзяржава прыслухоўвацца да гэтых думак?


Гулак: Я глядзеў перадачы па беларускім тэлебачанні і мне вельмі сумна ад таго, што там адбываецца. З аднаго боку, тое, што пачалі пра гэта гаварыць – гэта нават і карысна. Дыскусія ў грамадстве павінна быць, і нічога няма кепскага, што ёсць у грамадстве такі погляд, што жорсткасцю можна вырашыць праблемы. Людзям, якія глыбока не задумваюцца пра гэта і шукаюць простых адказаў, гэта першае, што прыходзіць на думку. Але, на жаль, гэта ўжо прамая віна тых людзей, хто рабіў тыя матэрыялы, рэпартажы. Там не гучаць думкі спецыялістаў, наколькі жорсткасць можа вырашаць праблему злачынстваў у грамадстве. Там не гучала ніякіх довадаў і думак, пра тое, што грамадства павінна гуманізавацца і гэта будзе найлепшым лекам ад злачынстваў. Як мінімум, ад такіх гвалтоўных злачынстваў.

Еўрарадыё: Там падавалася думка, што няма ў нас гуманізацыі якраз таму, што грамадзяне гэтага не хочуць.


Гулак: На жаль, такія думкі не проста гучалі – іх прапагандавалі. У той час, як гучалі тыя думкі – людзі неслі кветкі да кватэры Кавалёва. Гэта таксама факт. Таму, думкі ў грамадстве гучаць розныя, а паказваюць адны. Гэта называецца прапаганда, а не грамадская дыскусія. Не запыталі нікога са спецыялістаў. Няхай вы баіцеся праваабаронцаў – паклічце спецыялістаў-крымінолагаў, якія працуюць у пракуратуры, у Міністэрстве ўнутраных спраў. Вам тое самае адкажуць. Што жорсткасць не вырашае праблемы. Жорсткасць павялічвае жорсткасць.

Еўрарадыё: Вернемся да вашага дакладу. Цікава, ці сур’ёзна ён разглядаўся  на высокім узроўні.


Гулак: Ён разглядаўся на паседжанні Рады пры кіраўніку адміністрацыі. Гэта ж думка не новая – мы гаворым пра гэта ўжо даўно і працягваем гаварыць. Тыя спецыялісты, якія праблемай цікавяцца, гэта ведаюць. Шкада, што гэтага не хочуць ведаць дзяржаўныя журналісты. Калі ў нейкай групы людзей ёсць улада – яны павінны адказваць за развіццё грамадства, а не за стабілізацыю таго дзікага падыходу, які мы цяпер бачым.

Еўрарадыё: То бок, далей за кансультатыўную раду гэты даклад не пайшоў…


Гулак: Гэта рабілася адмыслова на гэтае паседжанне. Але гэтыя думкі фіксуюцца і выкладаюцца ў розных нашых дакументах. Гэта пастаянная праблема, якую мы ўздымаем на ўсіх форумах, калі гэта магчыма. Таму дзяржава ведае. Той, каму трэба, ведае пра нашы пазіцыі. Мы хацелі б, каб гэтыя прадметы былі матэрыялам для больш шырокай, публічнай дыскусіі, каб на грамадства гэта магло ўплываць. Мы не можам прымусіць усіх думаць так, як мы, але прапанаваць падумаць мы можам. Але нам бракуе інструментаў, каб данесці гэта да грамадства.

Еўрарадыё: Ці актуальны яшчэ даклад? Ці можна правесці шырокую медыя-кампанію скіраваную на ўвядзенне мараторыю на смяротную кару?


Гулак:  Праблема, што цяпер тэма пакарання смерцю і гуманізацыі набыла палітычнае гучанне.

І ў сённяшніх абставінах гэта не плюс, а мінус, таму што мы бачым, што кіраўніцтва краіны робіць усё, каб прадэманстраваць сваю нясхільнасць, і на любыя патрабаванні палітычнага характару адказвае – не. У гэтым сэнсе, палітызацыя пытання на сённяшні момант – адмоўная. Але, з іншага боку, сітуацыя вакол апошніх двух ахвяраў смяротнага пакарання ўскалыхнула грамадства. Сітуацыя ў грамадстве ўжо не такая адназначная, але, на жаль, яна больш “барыкадная”, гэта не проста падзел – гэта востры падзел паміж людзьмі. Мы думаем, як гэта можна выкарыстаць. Але палітызаванасць пытання замінае ўспрымаць сутнасць таго, што мы гаворым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі