Хадайніцтва БАЖ аб змяненні меры стрымання Халіп будуць разглядаць у КДБ
29 студзеня старшыня БАЖ Жанна Літвіна атрымала адказы на сваё хадайніцтва аб змяненні меры стрымання сябры арганізацыі Ірыне Халіп.
Адзін — з пракуратуры г. Мінска, другі — з ГУУС Мінгарвыканкама, якое вядзе следства па справе аб масавых беспарадках, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Сталічная пракуратура паведамляе, што хадайніцтва накіравалі намесніку начальніка ГУУС Мінгарвыкнакама, начальніку папярэдняга расследавання палкоўніку міліцыі Мурыну В.Л.
Другі адказ прыйшоў з ГУУС Мінгарвыканкама (з пазнакай "папярэдняе расследаванне"). Начальнік ўпраўлення папярэдняга расследавання паведамляе, што хадайніцтва перадалі для разгляду ў следчае ўпраўленне КДБ.
Нагадаем, што 19 снежня старшыня БАЖ Жанна Літвіна і яе намеснік Андрэй Бастунец накіравалі ў ГУУС Мінгарвыканкама, якое ўзбудзіла крымінальную справу аб масавых беспарадках, а таксама ў пракуратуру г. Мінска хадайніцтва аб змяненні меры стрымання Ірыне Халіп і вызваленні яе з-пад варты — пад асабістае паручальніцтва.