Хочаш здаць ЦТ на 392 балы? Завядзі каханага ў іншым горадзе!

Еўрарадыё адшукала рэкардсменку сёлетняй уступнай кампаніі Яніну Пінчук і даведалася ад дзяўчыны, як страціць на тэставанні толькі 4 балы Тэст па беларускай мове яна здала на 100 балаў. Яшчэ 100 атрымала па грамадствазнаўстве – за дыплом абласной алімпіяды. Усяго 4 балы дзяўчына згубіла на тэставанні па англійскай мове, яшчэ 96 балаў прынёс атэстат. Ніякіх конкурсаў для выпускніцы бабруйскай Гімназіі №1 Яніны Пінчук цяпер не існуе!

Дзяўчына абрала спецыяльнасць “міжнародныя адносіны” ФМА БДУ. І не толькі з-за таго, што гэта надта прэстыжна. Тлумачыць маці Яніны:

Маці Яніны Пінчук: “У яе схільнасць да вывучэння замежных моў. Так проста ў лінгвістычны яна не захацела ісці, бо прафесія школьнай настаўніцы яе не вельмі вабіць”.



Пра факультэт міжнародных адносін дзяўчына марыла з 9-га класа. Але пра кар’еру дыпламата пакуль не думае:

Яніна Пінчук: “Цікавей было б працаваць у нейкай міжнароднай арганізацыі, напрыклад – UNESCO. А наконт краіны – я хацела б працаваць у Францыі. Гэта мая мара з дзяцінства”.

Раней у класе Яніны выкладалі дзве замежныя мовы: англійскую і французскую. Праўда, французкую прыбралі некалькі гадоў таму, пра што дзяўчына вельмі шкадуе:

Яніна Пінчук: “Французскую мову я не тое, каб забыла... Чытаць магу, але што датычыцца вуснага маўлення – практыкі не хапае”.



Англійскую мову перад цэнтралізаваным тэставаннем таксама давялося “падцягваць” – з дапамогай рэпетытара. Быў яшчэ рэпетытар па прадмеце “Чалавек. Грамадства. Дзяржава”, але ад яго Яніна адмовілася пасля абласной алімпіяды.

Дарэчы, кніга, якую дзяўчына чытала падчас уступнай кампаніі, – менавіта французская.

Яніна Пінчук: “Я яшчэ захапляюся гісторыяй, а асабліва эпохай Напалеонаўскіх войнаў. І таму апошняя кніга, што я прачытала – гэта мемуары генерала барона дэ Марбо, аднаго з вельмі знакамітых і бліскучых напалеонаўскіх афіцэраў”.

З беларускіх літаратараў Яніна Пінчук паважае Ўладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава і Максіма Гарэцкага. Так што 100 балаў па беларускай мове яна цалкам заслужыла.

 

Але галоўнае хобі дзяўчыны – не чытанне, а маляванне. Асабліва – батык. Іншае яе захапленне – спорт: днямі дзяўчына вярнулася з вандроўкі па Нарачы. Схільнасць да фізкультуры ў яе генетычная:

Яніна Пінчук: “Гэта лёс, напэўна, таму што ў мяне маці – трэнер па плаванні”.

Часу на хобі падчас падрыхтоўкі да паступлення ў дзяўчыны хапала. Засталося нават крыху на асабістае жыццё. У Яніны яно вельмі незвычайнае:

Яніна Пінчук: “Хлопец у мяне ёсць. Толькі ў нас трохі складаная сітуацыя: ён жыве ў Нясвіжы! Таму ў нас пакуль што такая рамантычная перапіска ідзе... У стылі “Юстас піша Алексу”.

Так што вось ён, рэцэпт рэкорду. Хочаш здаць ЦТ на 392 балы? Вазьмі рэпетытара па англійскай мове, чытай Быкава і Караткевіча, засвой батык і схадзі на Нарач у паход. І, нарэшце, завядзі каханага ў іншым горадзе, каб не перашкаджаў рыхтавацца!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі