Хто і як вылучаў дэлегатаў на Ўсебеларускі народны сход?

27 кастрычніка завяршылася вылучэнне дэлегатаў на IV Усебеларускі сход. Але пра гэта стала вядома зусім выпадкова. Еўрарадыё паспрабавала даведацца, як можна было вылучыцца на сход і дзе размяшчалася інфармацыя для жадаючых паўдзельнічаць у ім.
У аддзеле ідэалогіі Маскоўскага раёна Мінска кажуць, што ўся інфармацыя была ў прэсе, і людзі свабодна маглі пра гэта даведацца.
"І ў прэсе гэта было, у газетах паглядзіце, па тэлебачанні было. Гэта ж усё афіцыйна, такі рэспубліканскі форум. У асноўным вылучаліся праз працоўныя калектывы. Парадак зацверджаны і там прапісана колькі чалавек, ад якіх арганізацый. У арганізацыі павінна быць больш за 30 чалавек".
Таксама вылучыцца можна было праз партыю, у якой больш за 100 тысяч сябраў. Але ўступіць у такую партыю не атрымаецца, бо падобных у Беларусі пакуль не існуе.
Таму застаецца варыянт вылучэння толькі праз грамадскія аб'яднанні. Такіх, якія налічваюць больш за 100 тысяч у нас толькі тры: БРСМ, Белая Русь і Федэрацыя прафсаюзаў.
Цікава, што можна вылучыцца і праз сход жыхароў двара. Але іх павінна быць не 100 тысяч, як у партыі ці арганізацыі, а ўсяго 300 чалавек. Яны могуць абраць аж 20 дэлегатаў. Але ні на пад'ездах дамоў, ні ў ЖЭСах, ні ў крамах, інфармацыю пра гэта, на жаль, не вывешвалі.
Знайсці нешта ў дзяржаўных газетах карэспандэнту Еўрарадыё таксама не ўдалося: ніякіх рашэнняў, дзе былі б прапісаныя даты вылучэння дэлегатаў, прынцып і квоты. У Адміністрацыі прэзідэнта параілі даведацца ў райвыканкамах, а адтуль "паслалі" назад у Адміністрацыю і газеты.
Намеснік старшыні аргкамітэта па правядзенні сходу аднаго з раёнаў сталіцы ўвогуле лічыць, што такую інфармацыю не абавязкова друкаваць.
"А хто яе павінен друкаваць?!, – здзівіўся чыноўнік пытанню Еўрарадыё. – У законе гэта не прадугледжана. Закон, напэўна, ёсць, чытайце. Правілы такія, што па тэрытарыяльным прынцыпе вылучаюцца ўсе без выключэння людзі. Як вы даведваецеся, дзе можна вуліцу пераходзіць, а дзе нельга? Усё надрукавана ў нашых законах!"
Вельмі хацеў патрапіць на народны сход і кандыдат у кандыдаты Ўладзімір Някляеў. Але даведаліся яны пра даты вылучэння зусім выпадкова ў апошні дзень.
"Вельмі працяглы час у іх не было ніякіх матэрыялаў, – распавядае праваабаронца Раіса Міхайлоўская. – Мне пастаянна казалі ў Мінгарвыканкаме і ў ідэалагічным аддзеле Ленінскага райвыканкама казалі, што такія дакументы будуць, і як толькі яны з'явяцца, грамадскасць даведаецца пра гэта праз СМІ. Але ўчора мы выпадкова даведаліся, што вылучэнне ўжо заканчваецца".
Апошні раз яна цікавілася ў выканкаме пра вылучэнне на мінулым тыдні, тады сказалі, што нічога не вядома. А тут высветлілася, што сход аргкамітэта прайшоў яшчэ 15 кастрычніка. Пратакол сходу на сайт павесілі, прыблізна, праз 5 дзён, а вылучэнне пачалося ўжо праз 3 дні.
Уладзімір Някляеў тэрмінова сабраў 300 чалавек ў Ленінскім раёне сталіцы ў апошні дзень вылучэння. На сходзе паспелі вылучыць 9 упаўнаважаных, якія возбмуць удзел у раённым сходзе, які пройдзе 4 лістапада. Там абяруць 48 удзельнікаў Усебеларускага народнага сходу сярод 600 чалавек.
Усяго ж па краіне плануюць дэлегаваць 2,5 тысячы чалавек.
Фота: AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі