Хваля затрыманняў і судоў – вынікі дня, 26 верасня

Па ўсёй Беларусі 26 верасня прайшла хваля затрыманняў і судоў. У Гродне засудзілі на 5 сутак арышту студэнта-каліноўца Яўгена Скрабутана. Яго схапілі на аўтавакзале вечарам 25 верасня і абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы. У хлопца канфіскавалі цэлую торбу налепак “Еўрапейскі марш” і іншай “апазіцыйнай” атрыбутыкі, паведамляе “Наша ніва”.

У Салігорску затрымалі Аляксандра Цацуру, лідэра мясцовых прадпрымальнікаў. У Брэсце раніцай схапілі актывіста руху “За свабоду” Андрэя Шарэнду. Яго доўга не маглі злавіць, часам блыталі з братам-блізнюком, аж накіравалі на пошукі 14 (!) патрулёў і дасягнулі поспеху.

Шарэнду судзілі па старой справе – прэзентацыі 19 жніўня кнігі Паўла Севярынца ў Брэсце, якая была сарваная міліцыяй. Па гэтай жа справе схапілі і праваабаронцу Рамана Кісляка. У сераду над імі пачаліся суды.

Міліцыянты схапілі Паліну Панасюк, якая хацела сфатаграфаваць хлопцаў, і надзелі ёй на рукі кайданкі, паведамляе Радыё Свабода.

Як паведаміў “Еўрарадыё” брэсцкі актывіст Андрэй Любянчук, Андрэй Шарэнда атрымаў 15 сутак арышту, а суд над Раманам Кісляком перанесены на раніцу 27 верасня.

З-за судоў над Кісляком і Шарэндам на чацвер перанесены суд над яшчэ адной удзельніцай прэзентацыі кнігі Севярынца – Кацярынай Бельскай

Цэнтральны раённы суд Мінску прызнаў вінаватай у непадпарадкаванні міліцыі актывістку дэмакратычнага руху Таццяну Цішкевіч. Яе аштрафавалі на 775 тысяч рублёў.

Уся яе віна заключалася ў тым, што 7 верасня яна чакала вызвалення сяброў з Цэнтральнага райаддзелу, але яе адтуль груба выгналі.

Калі дзяўчына запатрабавала ў міліцыянтаў кнігу скаргаў, яе затрымалі і некалькі разоў ударылі, не дазволілі паклікаць адваката, паведамляе Радыё Свабода.

Улады Барані (Аршанскі раён) адмовілі мясцовым актывістам у правядзенні пікету, прымеркаванага да “Сацыяльнага маршу”, інфармуе сайт ПЦ “Вясна”.
 
У сераду міліцыянты канфіскавалі 800 улётак у актывіста прадпрымальніцкага руху на рынку Ждановічы. Яго адсачыў чалавек у цывільным, які і выклікаў міліцыянтаў.

Беларуская журналістка Вольга Класкоўская, якая працуе ў Польшчы, звярнулася да польскіх уладаў з заклікам абараніць яе ад беларускіх праваахоўных органаў, якія патрабуюць ад Польшчы выдачы ў Беларусь яе шасцігадовай дачкі Міраславы, паведамляе Радыё Свабода.

Сярод пазітыву серады – вызваленне намесніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, затрыманага 25 верасня, ды прымірэнне ў мінскім гарадскім судзе ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкаму з цэнтрам “Супольнасць”, чаго мала хто чакаў.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі