Хворага на рак трымаюць у турме

“Ад астрогу няма перасцярогу!” — кажуць у народзе. Тым больш, калі вам пашчасціла жыць у Беларусі і займацца бізнэсам, дадам я ад сябе. У траўні 2006 году Мікалай Толкач, тады намеснік дырэктара “Беллегпрампраекту”, трапіў у следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага.
Яго абвінавацілі ў замаху на атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры. Аднак разгляд яго справы не адбыўся — за 10 дзён да суда вязня з камеры забралі ў турэмную лякарню.

Дактары паставілі фатальны дыягназ — рак. Распавядаюць жонка Мікалая Толкача і яго адвакат.

Ганна Сяргееўна Толкач: “Чалавек у такім стане, што ў яго ўсё баліць. А ракавы боль 4-й ступені — гэта і памутненне свядомасці, і ўсё астатняе…

Я нават па ягоных лістах гэта бачу: раней пісаў мне "прасціны", а цяпер — па тры радкі, толькі для таго, каб я ведала, што ён яшчэ жывы…”

Адвакат Мікалая Толкача: “Я ж па даведках бачу. За 13 лютага: стан цяжкі. За 14-е яны пішуць: увесь час пагаршаецца. Пасля: стан крайне цяжкі. А зараз – для жыцця прагноз неспрыяльны. Дык пра што казаць…”

Ужо другі тыдзень жонка і адвакат Мікалая Толкача абабіваюць ганкі мінскіх судоў: спачатку Фрунзенскага раёна, пасля — гарадскога з адзінай мэтай: хаця б на апошнія дні жыцця вызваліць Мікалая Толкача з-за кратаў, даць яму памерці на свабодзе.

Аднак нават самыя пераканаўчыя даведкі не дапамагаюць дабіцца спачування. Працягвае Ганна Сяргееўна, жонка Мікалая.

Ганна Сяргееўна Толкач: “З агульначалавечых пазіцый спачуваюць тыя, хто сутыкаўся з праблемай рака. Яны мяне разумеюць, а ўсе астатнія — яны ўвогуле далёкія…

Ну ведаеце, як мы можам казаць: а, што такое рак… Апошнія два тыдні я толькі тым і заўмаюся, што туды-сюды хаджу, і такое ўражанне, што я хаджу па замкнёным коле”.


Рак у апошняй стадыі з’яўляецца бясспрэчным “пропускам”з турмы ледзь не паўсюдна, у тым ліку і ў Беларусі, але толькі ў тым выпадку, калі злачынца асуджаны і ўжо адбывае пакаранне.

Вызваліць з-за кратаў вязня з цяжкай хваробай ці інваліднасцю дазваляе 186-ы артыкул “Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь”. Аднак Мікалая ў турэмную лякарню забралі яшчэ са следчага ізалятара, за дзесяць дзён да разгляду яго справы. Слова адвакату.

Адвакат Мікалая Толкача: “Існуе пералік захворванняў, пры якіх асуджаныя вызваляюцца ад адбывання пакарання. Гаворка не пра ўмоўнае ці датэрміновае вызваленне, а пра вызваленне ў прынцыпе.

Але гэта — толькі для асуджаных. А чакаць, пакуль яго асудзяць, немагчыма ў прынцыпе. Гэта проста не адбудзецца”.


Мікалаю і яго сваякам не спачуваюць не толькі суддзі. Пра тое, ці этычна ўтрымліваць у турэмнай лякарні вязня, які не спадзяецца нават дажыць да суда, я запытаўся ў галоўнага ўрача Гомельскага абласнога клінічнага анкадыспансера Таццяны Прыгожай. Вось які адказ я атрымаў:

Таццяна Прыгожая: “Калі разважаць не з медыцынскага пункту гледжання, а з чыста чалавечай — яго пакараў Бог. Суд судом, але за тое, што ён зрабіў, яго пакараў Бог — тое, што ён хворы невылечна, і тое, што ён будзе паміраць у пакутах…

Гэтае пакаранне страшнейшае за тое, што ён сядзіць за кратамі. Па любых панятках: за адно злачынства двойчы не караюць. Меншае пакаранне паглынаецца большым. І, пагадзіцеся, турма — гэта меншае пакаранне, чым смерць”.


Але жонка і адвакат Мікалая Толкача ўсё ж такі разлічваюць на літасць суддзяў. 22 лютага яны дабіліся аўдыенцыі ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь — апошняй інстанцыі, якая можа выцягнуць вязня з турэмнай лякарні.

Адвакат: “Ён можа запатрабаваць справу з мэтай праверкі наконт легітымнасці ўсіх пастаноў, якія па гэтай справе ўжо адбыліся.

Я ад свайго імя напісала скаргу на пастанову, якую вынес гарадскі суд. Сказалі, што справу запатрабуюць тэрмінова, але паколькі існуе працэдура — гэта, ізноў жа, час…”


De jure адпусціць Мікалая Толкача паміраць дадому з-за кратаў не ўпаўнаважаны ніводзін суддзя: закон ёсць закон.

Але чаго вартая сістэма крымінальнага права, калі яна не ў стане ісці на кампраміс з агульначалавечымі законамі, калі яна існуе сама па сабе, не разумеючы людзей, якія ад яе залежаць?

Фота — www.turoboz.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі