Ігаль Левін: зіма для расійскай арміі ва Украіне будзе невыносная
Мабілізаваныя ў РФ / kommersant.ru
Зіма для расійскай арміі ва Украіне будзе невыносная, прагназуе ваенны эксперт, афіцэр Арміі абароны Ізраіля Ігаль Левін. "Сядзець без цёплага абмундзіравання і забеспячэння ў лесапасадках і голым стэпе проста фізічна немагчыма ўжо позняй восенню, — піша ён. — Групоўку УС РФ на правым беразе Дняпра забяспечыць да зімы пры цяперашніх рэаліях немагчыма [усе масты знішчаныя]".
У той жа час Узброеныя сілы Украіны да зімы рыхтуюць "NATO і валанцёрскі рух". "Ва УС РФ гэтага няма ў прынцыпе — іх ніхто не зможа ні забяспечыць, ні апрануць, ні накарміць, — працягвае эксперт. — На фоне гэтага мабілізацыя бачыцца мне аперацыяй па канчатковым дабіванні расійскай арміі".
З-за таго, што ўкраінскае войска працягвае наступ, расійскае камандаванне адразу ж, без элементарнай падрыхтоўкі, адпраўляе мабілізаваных на фронт і некаторыя ўжо паспелі трапіць у палон.
"Калі УСУ не будуць выпускаць ініцыятыву на стратэгічным узроўні ўсю восень і зіму, гэта звядзе на нішто ўсе мабілізацыйныя намаганні УС РФ: апошнія проста не змогуць фармаваць і рыхтаваць новыя часткі... Я асабіста не бачу ніякіх перспектыў для ворага. Ён у тупіку, і мабілізацыя гэта, мабыць, спроба Пуціна адтэрмінаваць момант паразы і краху свайго войска ва Украіне. Гэта відавочна не запланаванае і не абдуманае рашэнне", — піша Ігаль Левін.
Пры гэтым эксперт прызнае, што "лёгка не будзе нікому", і зіма будзе складаная для Узброеных сіл Украіны, для ўсіх украінцаў. Але для расіян "яна будзе невыносная", падкрэслівае Левін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.