Ігар Варашкевіч: "На "Краме" паставілі эксперымент"

Напярэдадні фестывалю “BeFree” вакаліст легендарнага гурта “Крама” Ігар Варашкевіч распавёў Еўрарадыё пра тое, ці будуць музыкі рыхтаваць спецыяльную праграму для фэсту, чаго чакаюць ад выступу ў Львове, і падзяліўся ўражаннямі ад Басовішча. ЕРБ: Якую праграму вы рыхтуеце для фестывалю?

Ігар Варашкевіч: Спецыяльную праграму мы не рыхтуем, таму што мы ніколі не былі ва Ўкраіне і там няма сэнсу граць, напрыклад, толькі новыя песні. Будзем рабіць так, як мы рабілі на Басовішчы, хоць там асноўная частка нашай праграмы была ўжо з новых песень. І я не ведаю, колькі мы будзем іграць у Львове, але думаю, не больш за гадзіну. Таму можна граць, што заўгодна – яны ж не чулі аніводнай крамаўскай песні. Хіты! Трэба ж заўсёды граць хіты.




ЕРБ: Вы толькі вярнуліся з Польшчы. Распавядзіце, калі ласка, пра свае ўражанні ад Басоў.


Ігар Варашкевіч: Быў праведзены эксперымент на “Краме” чамусьці. І заўсёды на “Краме” гэта робіцца, на “Н.Р.М.”, напрыклад, эксперыменты не ставяцца. На “Краме” можна. Мы самі над сабой жартуем: можа, мы выглядаем, як пенсіянеры, і граем пенсіённы рок? Нас паставілі першымі. Я ведаў, што мы днём граем, але тое, што мы першыя – гэта ж розныя рэчы. Я спытаў у Радка, што гэта такое. А ён у адказ: “…..аааа што гэта дрэнна ці што?” Я кажу: “А што тут добрага?” Радэк: “Мы вырашылі змяніць фармат.” Ну і што яны вырашылі? Мы выйшлі. Там было чалавек пяцьдзесят, можа быць, ну сто. І людзі яшчэ толькі прыязджалі з намётамі, падыходзілі. То бок, гэта такі выступ ухаластую. Мне даслалі фотаздымкі з пазамінулага, мінулага Басовішча і з гэтага. І па фотаздымках відаць – дзе канцэрт добры, а дзе нядобры атрымаўся. Мы стаім днём, як дурні, і 30 чалавек танчыць. Гэта ўвогуле Басовішча нейкае такое было... Не ведаю, што там у наступным годзе будзе.



ЕРБ: На Вашую думку, фестываль у Львове можа быць канкурэнтам "Басовішчу"?


Ігар Варашкевіч: Чаму не? Усё залежыць ад сродкаў, арганізацыі і ад зацікаўленасці людзей, якія будуць прыходзіць. Зразумела, што ў асноўным ўсё ж такі будуць людзі з Украіны, таму што ехаць даволі далёка. Сітуацыя з мінулагоднім Луцкім фестывалем ўвогуле была жахлівая. Нас саміх трымалі на мяжы 8 гадзін туды і 8, калі мы вярталіся, а аўтобусы з фанамі завярнулі ў Мінск яшчэ на трасе. То бок, даехала чалавек, можа, 50-100 на электрычках. Пабачым!




ЕРБ: Чаго чакаеце ад фестывалю ва Львове?


Ігар Варашкевіч: Заўсёды чакаеш, што будзе добра, весела, а як атрымаецца – невядома. Калі прыйдуць людзі, калі будзе добры гук, добрае асвятленне – я думаю, будзе добры канцэрт. Калі будуць стаяць дзве калонкі з дрэнным гукам – нічога добрага не атрымаецца. Людзі проста так не будуць слухаць.



ЕРБ: Калі ўжо фэст называецца “BeFree”, скажыце, што для Вас азначае быць свабодным?


Ігар Варашкевіч: Свабода для мяне – гэта магчымасць рабіць тое, што я хачу. Я займаюся любімай справай – музыкай і лічу, што ў гэтым мая свабода!


Фота: www.euroradio.fm

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі