Ігі Поп адмаўляецца ад стэйдж-дайвінга

Ветэран панк-року Ігі Поп (Iggy Pop) вырашыў больш не скакаць са сцэны.  Развітацца з кар'ерай нырца ў натоўп 62-гадовага рокера прымусіла няўдалае падзенне са сцэны падчас нядаўняга канцэрту ў нью-ёркскім Карнэгі Холе. Падчас шоў Ігі вырашыў зрабіць свой каронны трук і скокнуў у натоўп - але на жаль, яго ніхто не падхапіў, і ў выніку музыка зваліўся на падлогу.

Сур'ёзных траўм выканаўца не атрымаў, аднак гэты выпадак прымусіў яго задумацца над мэтазгоднасцю далейшага стэйдж-дайвінга. «У той момант у мяне прамільгнула думка, што Карнэгі Хол быў бы нядрэнным месцам для майго апошняга скачку са сцэны, - падзяліўся падрабязнасцямі інцыдэнту Ігі. – Што цікава, гледачы ў зале стаялі са здзіўленым выглядам і відавочна не разумелі, што я раблю».

Мяркуючы па ўсім, Ігі Поп проста не сцяміў, што Карнэгі Хол - гэта ўсё ж не CBGB (легендарны нью-ёркскі клуб для прыхільнікаў панк-рока, які закрыўся ў 2006 годзе), і публіка там збіраецца трохі іншая. Таму іншыя яго фірмовыя трукі - напрыклад, катанне па падлозе па бітым шкле ці абмазванне сябе арахісавым маслам, наўрад ці знайшлі водгук на гэтым канцэрце.

Тым не менш, развітваючыся са стэйдж-дайвінгам, Ігі не завязвае з кар'ерай. Таму фэны могуць не хвалявацца і рыхтавацца да далейшых выступаў Iggy & The Stooges. У другой палове гэтага года гурт рушыць на гастролі з арыгінальным гітарыстам Джэймсам Вільямсанам (James Williamson).

Нагадаем, што на пачатку сакавіка Iggy & The Stooges былі ўведзеныя ў Залу славы рок-н-рола.

Фота: commons.wikimedia.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі