Ільготы пакінулі чарнобыльцам якіх ужо няма ужывых

Таксама 25 героям СССР і двум поўным кавалерам ордэна Айчыны.
У двух нумарах запар газета “Звязда” публікуе доўгі спіс тых, каму дзяржава пакінула льготы пасля 16 снежня. Пералік ільготаў унушальны, аднак калі пералічыць ільготнікаў, высветліцца, што цалкам ільготы пакінулі двум ветэранам — поўным кавалерам ордэна Айчыны, 24 Героям Беларусі і 25 Героям Савецкага Саюза. Зараз, па версіі дзяржавы, ільготамі карыстаецца больш за 6 мільёнаў беларусаў. Еўрарадыё таксама пачытала “Звязду”, але паспрабавала падлічыць, колькі законных ільготнікаў застанецца праз 11 дзён. “Поўны пакет ільготаў” захавалі за знакамітымі беларусамі: Героямі Беларусі, Героямі Савецкага Саюза, поўнымі кавалерамі ордэнаў Айчыны, Героямі Сацыялістычнай працы. Па словах першага намесніка Рэспубліканскага Савета ветэранаў Міхаіла Жукоўскага, такіх людзей можна пералічыць па пальцах. Пры гэтым ён ведае статыстыку толькі на 5 студзеня 2007 года, таму не ўпэўнены, што лічбы дакладныя.

Міхаіл Жукоўскі: Вось было ў нас, на тэрыторыі Беларусі, прыкладна 25 Герояў Савецкага Саюза, два поўныя кавалеры ордэнаў Айчыны.Узрост, вы ж разумееце: ім па 80-85 гадоў. Сёння яны ёсць, а заўтра іх ужо няма. А Герояў Сацыялістычнай Працы – 181.

У Міністэрстве працы і сацыяльнай аховы Еўрарадыё сказалі, што ў краіне 24 Героі Беларусі. “Асноўны пакет ільготаў” застаецца ў інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Год таму такіх людзей у Беларусі было 15 тысяч чалавек.

Міхаіл Жукоўскі: У нас усіх ветэранаў вайны – 65,5 тысяч, з іх інвалідаў першай і другой групы – 15 тысяч.

Такім чынам, ільготы засталіся толькі у кожнага чацвёртага ветэрана вайны.

Дзяржава пакідае льготы для інвалідаў першай і другой групы. Начальнік аддзела па справах ветэранаў і пажылых людзей Міністэрства працы і сацыяльнай аховы Іван Нагібін расказаў Еўрарадыё, што такіх ільготнікаў каля 345 тысяч чалавек.

Самыя сур’ёзныя змены закранулі “чарнобыльцаў”: ліквідатары катастрофы, эвакуяваныя і пераселеныя грамадзяне перастануць лічыцца льготнікамі. Член камісіі па праблемах Чарнобыльскай катастрофы Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Кужанаў кажа, што льготы застаюцца ў інвалідаў-чарнобыльцаў першай і другой групаў.

Уладзімір Кужанаў: Ну, вось прыблізна 380 інвалідаў першай групы, каля чатырох тысяч — другой, і дзяцей-інвалідаў — 1,5 тысячы.

Аднак гэтыя людзі атрымаюць ільготы і без статусу “чарнобыльца”, бо яны інваліды.

У зоне з перыядычным радыцыйным кантролем зараз пражываюць таксама каля 200 тысяч дзяцей, за якімі захоўваюцца льготы на бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне.

Цікава, што катэгорыя льготнікаў, якія перанеслі прамянёвую хваробу, ўвогуле здзівіла дэпутата парламента. Ён кажа, што такіх людзей у краіне ўжо не існуе:

Уладзімір Кужанаў: Прамянёвая хвароба — гэта ж ад прамога ядзернага выбуху, вось тады яна лічыцца прамянёвай хваробай. А гэта крыху не тое… Так, як напісана ў тэорыі, я лічу, што вам не трэба апеляваць да такіх тэрмінаў.

Такім чынам, Еўрарадыё налічыла прыкладна 625 тысяч ільготнікаў. Гэта значыць, кожны дзесяты беларус страціў права на льготы. Тым часам начальнік аддзела па справах ветэранаў і пажылых людзей Міністэрства працы і сацыяльнай аховы Іван Нагібін называе лічбу ў… два мільёны льготнікаў.

Фота — БУНТ

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі