Індывідуальных прадпрымальнікаў становіцца не менш, а больш

Нягледзячы на тое, што колькасць ПУПаў (прыватных унітарных прадпрыемстваў) павінна станавіцца больш, гэтага не адбываецца. Прадпрымальнікі не спяшаюцца змяніць свой статус і шукаюць пралаз, каб выкруціцца. Адна з самых распаўсюджаных схем: зарэгістраваць свае кропкі на прадаўцоў і зрабіць іх ІП-эшнікамі. Менавіта так збіраецца зрабіць ІП Сяргей, які прадае лічбавую тэхніку на Камароўскім рынку.

Сяргей: "Зараз у мяне дзве гандлёвыя кропкі: адну я пакіну сабе, а другую – зарэгіструю на свайго прадаўца. У хуткім часе планую адкрыць яшчэ адну, і таксама на чужое імя. Прыходзіцца давяраць свайму прадаўцу, а інакш я проста стану банкрутам".

Другі прадпрымальнік Яўген Скуратовіч вырашыў гэта пытанне па-іншаму: ён не будзе станавіцца ПУПам, а запрасіў да сябе на працу родную сястру, якой прыйшлося кінуць уласную працу дзеля зберажэння сямейнага бізнэсу. Схему, калі фірма рэгіструецца на чужое імя, Яўген лічыць даволі небяспечнай.

Яўген Скуратовіч: "Так як у мяне адна гандлёвая кропка, то я змог выйсці з гэтага становішча. Калі б у мяне было 2-3 кропкі, тады пераводзіў сваіх прадаўцоў у ІП. Але я баюся, што ўлады пачнуць паляванне за такімі ІП-эшнікамі".

Пра пераход у ПУПы ён і слухаць нават не хоча – гэта прамая дарога да поўнага жабрацтва. Ніхто з сяброў Яўгена Скуратовіча не плануе папоўніць шэраг ПУПаў: усе вырашылі пачакаць да Новага года. Па словах Яўгена, толькі адна ІП з гандлёвага дому “Паркінг” вырашыла перарэгістравацца.

Яўген Скуратовіч: "У “Паркінгу” зараз працуе 250 прадпрымальнікаў. Адна спадарыня перайшла ў ПУПы і ўжо ірве на сабе валасы: тут жа ў яе пайшлі вялікія страты. Яна нават і не думала, што так хутка адчуе гэта на сабе".

Старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Патупа лічыць, што гэта схема ўцёкаў ад ПУПаў можа працаваць, але нядоўга: улада абавязкова прыдумае што-небудзь яшчэ, каб чарговы раз праверыць ІП-эшнікаў на выжыванне.

Яшчэ адзін момант: трэба на ўсе 100% давяраць свайму прадаўцу, на якога рэгіструеш сваю дзейнасць. І прадавец таксама павінен сто разоў абдумаць такую прапанову: у выпадку чаго, яго маёмасць могуць лёгка канфіскаваць.

Ёсць яшчэ адна схема, як зберагчы свой бізнэс з найменшымі выдаткамі, але яна даволі складаная.

Аляксандр Патупа: "Напрыклад, нехта ідзе рэгістравацца ў ПУПы. Па ільготнай схеме ён павінен аддаць сваё пасведчанне ІП, але разам з сабой ён можа прывесці свайго прадаўца і аформіць ПУП на сябе, а ІП – на прадаўца. У такім выпадку можна разыграць даволі цікавую і складаную схему: каналы паступлення тавара зберагчы за ІПамі, а нешта рабіць праз ПУП".

Такімі схемамі зараз вымушаны карыстацца індывідуальныя прадпрымальнікі, таму, па словах Аляксандра Патупы, у сталіцы унітарных прадпрыемстваў зарэгістравана толькі 160, а ў Гомелі ўсяго 6. Затое ІП у Мінску стала больш на 12 тысяч.

Аляксандр Патупа: "У гэтым годзе дадаткова зарэгістравана 12 тысяч ІП. І мы, і ўрад лічым, што гэта супраціўленне ўказу 760".

Еўрарадыё вырашыла даведацца дакладную лічбу ва ўпраўленні прадпрымальніцтва Мінгарвыканкама, але ніхто так і не змог адказаць на наша пытанне.

Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі