Індыйскі кірмаш у Мінску (фота)

Індыйскі кірмаш праходзіць у гандлёва-выстаўным комплексе “Белэкспа” па вуліцы Янкі Купалы, 27. Ён будзе працаваць штодзённа з 11 да 20 гадзінаў ажно да 4 студзеня. Ужо не першы год напярэдадні святаў завітваюць у Беларусь госці з Індыі. Яны гандлююць незвычайным для беларускага вока таварам: самацветы, вопратка, срэбра, араматычныя алеі ды сапраўдная ліставая гарбата.



З самага першага візіту індыйцаў да нас ім спатрэбілася працоўная сіла ў выглядзе студэнтак-лінгвістак з веданнем англійскай ці проста актыўных і камунікабельных дзяўчат, здольных прадаваць замест іх.



Уладкавацца на такую выставу цяжка, але магчыма — праз знаёмых з філфака ці з лінгвістычнага ўніверсітэта. Праўда, звычайна напярэдадні кожнага такога мерапрыемства выстройваюцца літаральна чэргі ахвотнікаў, бо для студэнтаў нават тая драбяза (40 тыс. рублёў за дзень) ва ўмовах крызісу – таксама грошы.

Ганна, філфак БДУ: “У гэтым годзе вельмі шырокі выбар: мы прадаем дываны з шоўка, досыць дарагія. Але гэта не зашкодзіла нейкаму рэспектабельнаму чалавеку набыць учора позна ўвечары амаль без гандлю два дываны, аддаўшы за ўсё 3.000 $. А вы кажаце: бедная краіна!”



Таня, філфак БДУ: “Працую тут не першы год, за гэты час заробак падвысіўся толькі на 10.000, але і так няблага. Вельмі класна, што пастаянна перападаюць нейкія падарункі ў выглядзе тавару, які ты старанна распрадаеш замест самаго гаспадара пад ягоным кансультацыйным даглядам. Мне падабаецца: столькі ўсяго можна пабачыць і пачуць! Я на беларускую перакладаю з англійскай, дык вось ужо наслухалася: “а вы из Украины”, “а чего по-польски?”, “а “завушніцы” – это что?”



Навін, індус: "Я гандлюю ўжо трэці год у Беларусі, лепшы бізнэс — у Магілёве і ў Мінску. Прадаю срэбра і самацветы, людзям падабаецца, бяруць ахвотна. Запрашаю ўсіх наведаць выставу!"





Фота аўтаркі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі