Ірына Дарафеева: “Калі краіна скажа “Трэба!”, я паеду на Еўрабачанне”

Але ні ў якіх адборачных турах, па словах спявачкі, яна ўдзельнічаць не будзе. Штосьці падобнае да папярэдняга галасавання альбо адборачнага тура “Еўрабачанне-2008” прайшло падчас канцэрту “VIVA Еўрабачанне”, з 7 на 8 ліпеня ў межах “Славянскага базару ў Віцебску”. Пераможцу прапанавалі вызначыць гледачам, пляскаючы ў далоні. Узровень гучнасці вызначалі спецыяльныя прыборы — шумометры.

Карэспандэнт Еўрарадыё вырашыў даведацца: “Ці не азначае гэта, што ніякага адборачнага тура на Еўрабачанне ўжо не будзе – яго імя вызначаць у Віцебску?”

Па тлумачэнні звярнуліся да старшыні журы адборачнага тура Еўрабачання Аляксандра Ціхановіча.

Аляксандр Ціхановіч: “Гэта не з’яўляецца ніякім крытэрыем. Проста хацелася даведацца, на каго глядзіць наш глядач з тых маладых выканаўцаў, якія, магчыма, будуць прадстаўляць свае кандыдатуры для ўдзелу ў Еўрабачанні”.

Старшыня журы адборачнага тура сцвярджае, што адбор і сёлета будзе праводзіцца. Прычым ён будзе нават больш жорсткім, чым летась. І выбіраць будуць нават не выканаўцу, а песню. У каго яна будзе лепшая, той і паедзе на “Еўрабачанне”. Аляксандр Ціхановіч кажа, што ніякіх фаварытаў сёння няма дый быць ня можа.

Але існуе шмат прыкметаў, у адпаведнасці з якімі можна сцвярджаць – такі фаварыт ёсць. І гэта Ірына Дарафеева. Па-першае, яе любіць улада — галоўны фінансіст беларускага праекта “Еўрабачання”. Ірына атрымала ганаровае званне Народнай артысткі Беларусі, стала “Тварам Беларусі”, а падчас “Славянскага базару” жыла ў прэзідэнцкай рэзыдэнцыі. Там, дзе летась жыла Ала Пугачова. Да таго ж, сёння Ірына супрацоўнічае з вядомым расейскім кампазітарам Кімам Брэйтбургам.

Сама спявачка кажа, што пра ўдзел у еўрапейскім конкурсе пакуль не задумвалася. Мала таго, катэгарычна заявіла, што ні ў якіх адборачных турах удзельнічаць не будзе.

Ірына Дарафеева: “У беларускім адборачным туры я прымаць удзел не буду”.

Па словах спявачкі, удзел у "Еўрабачанні" не з’яўляецца для яе марай жыцця і наўрад ці зможа ёй штосьці даць, як творчай асобе. Але калі ёй загадаюць паехаць, то паедзе.

Ірына Дарафеева: “Калі краіна скажа: “Трэба!”, то я з задавальненнем вазьму на сябе гэты гонар”.

А калі паедзе, кажа спявачка, то яе песня будзе альбо на беларускай, альбо на рускай мове. Гэта быў адказ Ірыны на пытанне: “Ці ведае яна англійскую мову?” Што тычыцца песні, то, па словах Ірыны, у яе і акрамя Брэйтбурга ёсць кампазітары, здольныя на такую працу.

Верагоднасць таго, што ўдзельнік “Еўрабачання” будзе прызначаны, а не абраны падчас жорсткай барацьбы ў адборачным туры, абурыла старшыню журы Аляксандра Ціхановіча. Нават калі гэта будзе фаварытка ўлады Ірына Дарафеева.

Аляксандр Ціхановіч: “Калі загадаюць каму ехаць, так той, хто загадвае, хай імі і займаецца. Іра Дарафеева пакуль да “Еўрабачання” не мае ніякага дачынення. Яна можа быць толькі ўдзельніцай альбо кандыдаткай у кастынгу. Па-іншаму не будзе ніяк. Гэта я вам кажу як кіраўнік праекту”.

Між тым, былыя ўдзельніцы Еўрабачання Анжаліка Агурбаш і Паліна Смолава заявілі, што акрамя сябе іншых вартых кандыдатур на ўдзел у еўрапейскім конкурсе не бачаць. Аляксандр Ціхановіч назваў гэта звычайным піярам. Ірына Дарафеева выказалася больш скептычна.

Ірына Дарафеева: “Каментароў няма. Я думаю, што ў іх ужо быў шанец паказаць, чаго яны вартыя”.

Што ж тычыцца галасавання плясканнем у далоні на віцебскім канцэрце, то, па словах Аляксандра Ціхановіча, вынікі яго стануць вядомыя толькі ў верасні. Дзіўна, што каб апрацаваць атрыманы з шумометра запіс неабходныя два месяцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі