Ірына Халіп: Данік папрасіў на Новы Год цацачную кухню
А яшчэ сын палітвязня Андрэя Саннікава атрымае чарговыя казкі, напісаныя татам.
Еўрарадыё: Распавядзіце нам, што хоча атрымаць Данік пад ёлачку?
Ірына Халіп: Пасля інтерв’ю Лукашэнкі, калі той распавёў, што Коля больш за ўсе любіць атрымліваць у падарункі сапраўдную пнеўматычную зброю, я нават спалохалася. Думала — а што, калі ўсе хлопчыкі на пэўным этапе хочуць зброю? І я акуратненька запыталася ў Даніка: “Што б ты хацеў знайсці пад ёлачкай на Новы год?” — і Данік адказаў, што хацеў бы цацачную кухню.
Еўрарадыё: То бок цікавасці ў яго зусім іншыя? Ён не казаў што хоча прыгатаваць на гэтай кухні?
Ірына Халіп: Ён любіць гатаваць. Часта ўвечары ён кажа: “Мама, а давай што-небудзь прыгатуем. Напрыклад, сунічны торт”. Я кажу: ”Данік, я не умею гэтага гатаваць! Давай што-небудзь папрасцей. Напрыклад — кактэйль”. І так даводзіцца ў бок прасцейшага чаго-небудзь весці з ім перамовы. Гэта ў яго ў тату. Мой муж, Андрэй Саннікаў, неверагодна цудоўна гатуе. Данік атрымаў кулінарны талент ад свайго бацькі.
Еўрарадыё: Вы плануеце набыць яму гэтую кухню?
Ірына Халіп: Абавязкова! У мінулы Новы год я не здолела нічога яму падараваць, і нават павіншаваць яго. А зараз я планую сапраўдную ёлачку і падарункі пад ёю ў розных пакеціках ды паперках са стужкамі. Каб усё было па-сапраўднаму.
Еўрарадыё: А ад бацькі Данік атрымае хаця б сімвалічны падарунак? Вядома, што цяжка мець сувязь у такіх умовах, калі няма ніякіх звестак ад спадара Андрэя, але, можа, будзе нейкі падарунак?
Ірына Халіп: Я яшчэ з таго нашага першага і апошняга спаткання з Андрэем ў верасні вынесла цэлы сшытак новых казак. Гэта прыгоды маленькіх мышанят у падземным горадзе. Я прыхавала гэтыя казкі і не чытала іх яшчэ Даніку, бо бацька рэгулярна дасылаў яму новыя. Але вось зараз, калі ўжо другі месяц ніводнага ліста, ніводнага слова, ніякіх звестак ад яго няма, напэўна, надышоў час гэты сшытак змясціць у прыгожую капэрту ды пакласці пад ёлку.
Еўрарадыё: А ў Дзеда Мароза ён верыць?
Ірына Халіп: Верыць. Ён разумее, што некаторыя Дзяды Марозы — гэта пераапранутыя артысты. Але ён верыць, што да нас прыйдзе сапраўдны.
Еўрарадыё: Ён просіць у яго што-небудзь? Пісаў лісты?
Ірына Халіп: Лісты Дзеду Марозу ён не пісаў. Ужо разумее, што найлепшы пасрэднік — гэта ягоныя блізкія. Я ведаю, што да яго прыйдзе Дзед Мароз. Я не ведаю, хто ён такі, бо гэта сюрпрыз, які рыхтуюць мае сябры. Нават для мяне гэта сакрэт.