Ірына Мазюк: Кніга Лянкевіча — катастрофа для беларускіх этнографаў

"Бо менавіта з кампаніяй "Будзьма" мы пачыналі рабіць гэтыя фотаздымкі, — распавёў на прэзентацыі кнігі Андрэй Лянкевіч. — І яны з задавальненнем ставілі мае фотаздымкі і рэпартажы на сваю старонку. Вялікі ім дзякуй, і прашу прабачэння, што забыў напісаць пра іх у сваёй кнізе".

Так, паміж першай фотавыставай Лянкевіча, прысвечанай беларускаму паганству, і выпускам фотаальбома мінула больш за два гады.

Акрамя традыцый і абрадаў, якія Андрэй Лянкевіч захаваў на фота для сваёй кнігі, мастак пайшоў яшчэ далей — даследаваў птушак, жывёл, сакральныя беларускія прадметы, капішчы, камяні.. Да таго ж, у кнізе дэтальна патлумачана, чаму ўзятыя менавіта гэтыя ці іншыя аб’екты, і якую ролю гэта адыгрывала ў нашай старажытнай беларускай культуры.

Сваім афармленнем кніга нагадвае кіно, дзе кадр за кадрам распавядаецца пра розныя ступені жыцця чалавека. Дызайнер Сяргей Шабохін прапанаваў Андрэю аформіць кнігу ў выглядзе жыццёвага кола — пачынаючы ад зімы і заканчываючы зімой, каб кола замкнулася — ад жыцця да жыцця.

"Вядома, ў гэтым ёсць пэўная непавага да фатаграфіі, — кажа Андрэй. — Але ў Сяргея была поўная свабода ў афармленні кнігі: ён маніпуляваў здымкамі, змяняў іх, і нават абразаў! Што, зразумела, з’яўляецца катастрофай для большасці фатографаў (смяецца). Але вынік атрымаўся фантастычным!"

Андрэй Лянкевіч

На прэзентацыю "Паганства" прыехалі і некаторыя жыхары вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна, дзе Андрэй Лянкевіч збіраў матэрыял для кнігі. Чатыры жанчыны рознага ўзросту прыехалі, каб паказаць той абрад, з якога і пачынаецца кніга "Паганства""Жаніцьба коміна".

Дарэчы, менавіта "Жаніцьба коміна", які мае тысячагадовую гісторыю, — гэта першы абрад, які быў унесены ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Так, госця з Палесся Кацярына Панчэня  распавяла пра тое, як адбываўся абрад "Жаніцьба коміна", і разам з астатнімі жанчынамі праспявала некалькі абрадавых рытуальных песень.

Кацярына Панчэня

Кацярына Панчэня: "На "коміне" палілі лучыну. Таму ў гары (у столі - заўв.аўтара) прабівалася дзірка, каб дым выходзіў, а пасля ўвечары дзірка закрывалася спецыяльным "заткалам". 11 верасня ёсць такое свята — Галавасек, на якое бацька ўсносіў у хату гэтага "коміна", а мы ўсе пасыпалі яго, жанілі, благаслаўлялі. І з таго часу ўсе бабкі, маладзіцы і дзевачкі ведалі, што надыходзілі вячоркі, і нават самыя маленькія вучыліся прасці. Хто тчэ, хто вышывае, хто вяжа. А мужчыны ведалі, што трэба ў полі засеўкі рабіць".

Ірына Мазюк, якая дапамагала Андрэю у пошуках народных традыцый, адзначыла, што для большасці беларускіх этнографаў кніга Андрэя Лянкевіча — катастрофа.Ірына Мазюк, якая дапамагала Андрэю у пошуках народных традыцый, адзначыла, што для большасці беларускіх этнографаў кніга Андрэя Лянкевіча — катастрофа.

Ірына Мазюк

Ірына Мазюк: "Этнографы, мабыць, чакалі нейкіх звычайных дакументальных фота, а не аўтарскага суб'ектыўнага бачання. І калі я ўбачыла першыя здымкі — люта пазайздросціла, бо гэта быў зусім іншы ракурс. І гэта ўсё ж мастацкая праца, не дакументальная. Таму вельмі прыемна, што гэтае выданне здарылася. Мне падаецца, яно раскрывае нейкі таямнічы свет, становіцца мастацкім дакументам і, магчыма, гісторыяй".

У падарожжах па беларускаму Палессю аўтары кнігі "Паганства" сустракалі шмат цікавых міфічных з’яваў, рэдкіх, дагэтуль не бачанных птушак, дрэваў, камянёў. Ірына Мазюк узгадала, як калісьці, шмат гадоў таму, існавала павер’е, што нельга глядзець на сонца праз кавалачак шкла — інакш змей прыляціць! Альбо як дзеці баяліся ценю дрэваў у поцемках і верылі, што дрэвы ўначы становяцца ворагамі.

Працэс міфалагізацыі адбываецца і зараз, лічыць Ірына Мазюк, варта проста звяртаць на гэта ўвагу:

Ірына Мазюк: "Неяк мы паехалі ў госці да Кацярыны Панчэні, якая тут спявала сёння. І даведаліся, што да іх ў вёску, што на беразе Прыпяці, сёлета прыляцелі нейкія дзіўныя птушкі. Увесь час мы чулі незвычайны гук “чы-чы-чы” недзе высока ў дрэвах, і ўсё ніяк не маглі пабачыць гэтых птушак. Ужо пад восень мы нарэшце іх знайшлі — нешта паміж галубамі і качкамі. Але жыхары вёскт верылі, што прыляцелі нейкія няпростыя, міфічныя жывёлы."

Вечар прэзентацыі працягнуўся абрадавымі спевамі. І калі ў Беларусі ёсць душа, кажа Андрэй Лянкевіч, то гэта беларускае Палессе.

Андрэй Лянкевіч: "Сапраўдныя народныя спевы вельмі блізкія да рытмаў нашых сэрцаў. І калі мы чуем мелодыі, якім ужо тысячы гадоў, гэта вібруе разам з намі і дадае нам гадоў жыцця. Спадзяюся, што гэтыя 15 хвілін спеваў дадалі вам усім па некалькі гадзін".

Фота: Tarantino 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі