Ірына Венедыктава пракаментавала адхіленне ад працы генпракурора
Былая генеральная пракурорка Украіны Ірына Венедыктава, якую 17 ліпеня Уладзімір Зяленскі адхіліў ад пасады, пракаментавала сваё звальненне.
"Я была прызначаная на гэтую пасаду ўжо адказным і маральна сталым чалавекам, а за апошнія два гады я вельмі пасталела", — напісала Вередыктава ў фэйсбуку. Па яе словах, падобныя пытанні не могуць вырашацца кулуарна, "без выказвання ўзаемнай павагі, не па-дзелавому, так бы мовіць".
"Мне ёсць чым ганарыцца на пасадзе, якую я займала, я прадэманстравала добрыя вынікі працы, мне ўдалося аб'яднаць юрыдычную, прафесійную, крымінальна-працэсуальную сусветную эліту вакол праблем Украіны ў інтарэсах Украіны", — перакананая экс-кіраўніца ведамства.
Яна кажа, што не збіраецца спрачацца з меркаваннем або рашэннем прэзідэнта, бо ён мае права прымаць рашэнні, у тым ліку тое, якое цяпер абмяркоўваецца.
Венедыктава паабяцала даць больш разгорнуты каментар, калі завершыцца пытанне "ўрэгулявання існуючай сітуацыі ў адэкватным і зразумелым для ўсіх бакоў ключы".
Напярэдадні стала вядома, што прэзідэнт Украіны падпісаў указ аб адхіленні ад займаемых пасад генпракурора краіны Ірыны Венядзіктавай і кіраўніка СБУ Івана Баканава. Пазней афіцыйны Кіеў ўдакладніў, што аб звальненні гаворка пакуль не ідзе.
Па словах намесніка кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Андрэя Смірнова адносна абодвух чыноўнікаў будзе праведзена службовая праверка, пасля чаго гэтага Зяленскі прыме канчатковае рашэнне.
"Гэта звязана з тым, што прэзідэнт і мы ўсе дастаткова доўга чакалі больш канкрэтных і, магчыма, радыкальных вынікаў ад кіраўнікоў гэтых органаў па ачышчэнні ад калабарантаў і дзяржаўных здраднікаў", — сказаў Смірноў.
Адхіленне ад працы Венедыктавай і Баканава звязанае з тым, што некалькі дзясяткаў чалавек з абодвух ведамстваў за час выйны пайшлі на супрацоўніцтва з Расіяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.