J:MOРС будзе пісаць музыку для расійскага кіно

Маскоўскі прадзюсар "J:МОРС" уражаны прафесіяналізмам гурта. Ён не хоча ўмешвацца ў музыку i імідж, а вось якасць гуку збіраецца падвысіць. Гурт падпісаў кантракт з маскоўскім прадзюсэрам Табрызам Шахідзі. Зараз "Морсы" разам з ім перазводзяць кампазіцыю "Дай мне", якая можа стаць саундтрэкам да якога-небудзь новага расійскага фільма.


Шахідзі вядомы па супрацоўніцтве з сусветна вядомым расійскім піяністам Дзянісам Мацуевым, казахскім этна-рок-гуртом Ulytau, а таксама тэлевядучымі Аўрорай ("МузТВ") і Уладзімірам Салаўёвым ("НТВ"). Кампанія Табрыза мела неспасрэднае дачыненне на прадзюсіравання саундтрэкаў да расійскіх кінахітоў "Бой з ценем" і "Брыгада".


Гэты вопыт, а таксама "вельмі кіношная", на яго погляд, музыка "J:МОРС" робіць шлях раскруткі гурта праз кіно адным з найбольш верагодных. Але спяшацца ніхто не збіраецца.


Шахідзі: У пэўны момант мы плануем зрабіць гучную прэзентацыю. Рабіць яе ў паўпустой зале не хочацца. А калі ў нас будуць цікавы кінапраект або ратацыя на радыё, то можна ўжо будзе аб чымсьці гаварыць. Гурт і, тым больш, мы нікуды не спяшаемся. Мы збіраемся прыйсці на расійскую сцэну гучна і надоўга.


Ёсць беларускія гурты, якія намагаюцца раскруціцца на радзіме праз Расію і Украіну. "Морсы" ж прызналіся Еўрарадыё, што важна было спярша стаць зоркамі ў Беларусі. Зараз яны адчуваюць сябе больш ўпэўнена і лічаць, што змогуць знайсці сваю публіку сярод 200-мільённай аўдыторыі:


Пугач: Магчыма, мы проста дараслі. Ва ўсялякім разе, я спадзяюся на гэта.


Табрыз Шахідзі кажа, што гурт такога кшталту можна было б знайсці і ў Казахстане, і ва Украіне. Але з тых, што трапляліся маскоўскаму прадзюсару, ніхто так шчыра не працаваў менавіта для сваёй творчасці. Большасць прагне толькі грошай і хоча стаць зоркамі ўвадначас.

Шахідзі: Мне вельмі спадабалася энергетыка і прафесіяналізм хлопцаў. Таксама яны мне вельмі імпануюць як людзі. Акрамя таго, у Пугача ёсць "фішка": яго голас вельмі пазнавальны.


Маскоўскі прадзюсар знайшоў сваё вызначэнне напрамку, у якім граюць "Морсы".


Шахідзі: Іх стыль я сам асабіста заву інтэл-рокам, што можна тлумачыць як рок інтэлігентны і інтэлектуальны .


На пытанне Еўрарадыё, ці будзе прадзюсар умешвацца ў музыку і імідж, Табрыз адказаў, што зменіцца толькі якасць гуку. А імідж будзе тым жа, бо для рок-музыкі важны не імідж і колер майткоў з пінжакамі, а прафесійнасць.


Дарэчы, да беларускай мовы ў творчасці "J:МОРС" расійскі прадзюсар ставіцца добра.


Шахідзі: "Морсы" - беларускія зоркі і будуць так пазіцыянавацца, тым больш што ў іх ёсць песні па-беларуску, якія мне вельмі падабаюцца. Ёсць вялізная колькасць гуртоў: і той жа Zdob si Zdub , і Океан Эльзи, - якія спяваюць на сваёй мове, і гэта, наадварот, вельмі добра.


Фота — www.jmors.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі