J_МОРС выдалі альбом на касеце

15 лютага ўвечары праходзіў фінал першай часткі рэаліці-шоў “Цудоўная сямёрка”, дзе бралі ўдзел зоркі беларускай эстрады.
За права называцца найлепшым у гарналыжным спорце змагаўся і вакаліст гурта J:Mors Уладзімір Пугач. Але пра гэта крыху пазней, бо ёсць і іншая падстава для навіны.

Справа ў тым, што новы альбом калектыва «Босиком по мостовой», які, дарэчы, ўжо стаў самым паспяховым у гісторыі J_МОРС, выдаецца на аўдыёкасетах.

Чаму быў абраны менавіта гэты носьбіт, а не, напрыклад, вінілы ці бабіны, мы спыталіся ў дырэктара гурта Руслана Старыкоўскага:

“Па-першае, тое што выдадзена на касетах, гэта тое, што ўжо выдавалася на дысках. Проста так гістарычна склалася, што пэўная колькасць людзей у нашай краіне і, напэўна, у іншых краінах да гэтага часу карыстаюцца аўдыёкасетамі.

Нават у дарагіх марках машын да гэтага часу асноўным носьбітам з’яўляецца аўдыёкасета. Не буду называць імёны тых людзей у Мінску, якія ездзяць на супердарагіх аўто з касетамі... Таму, як гэта ні смешна, касета яшчэ з’яўляецца носьбітам.

Гэта не выхад нашага матэрыяла на касеце, а перавыданне таго, што было, на носьбіце з назвай аўдыёкасета. І гэта дзеля таго, каб данесці нашу творчасць да таго, у каго няма CD-прайгравальніка, MP3-праігравальніка і г.д.

Калі б у нас была рэкард-кампанія, якая займалася б выпускам вінілы, то мы б дакладна трапілі ў дзесятку тых, каму прапанавалі б выдацца на вініле. Калі заўтра нам прапануюць выпусціць альбом на BlueTooth, ці іншых новых тэхналогіях — чаму б і не?!”

Таксама ўпершыню на касетах будзе выдадзеная складанка хітоў і рарытэтаў «Мое Солнце: Правдивая история 2000-2005» і будуць працягнутыя дагаворы на распаўсюджванне касет з астатнімі афіцыйнымі альбомамі гурта: «Montevideo» і «Апрель».

І, нарэшце, прапаную вярнуцца да фінальнага этапа рэаліці-шоў, пра які я казаў у пачатку навіны. Вядома ж, мы спыталіся ў Руслана хто перамог і як выступіў Уладзімер Пугач. Як выявілася лідар J_МОРС заняў пазіцыю недзе ў сярэдзіне — ці 3-е, ці 4-е месца.

А перамагла спявачка Алеся, з чым яе і віншуем. Дадам, што ў хуткім часе спаборніцтвы пакажуць па тэлеканале "Лад", а яшчэ пазней стартуе наступны этап “Цудоўнай сямёркі”, дзе ўжо іншыя зоркі будуць змагацца за першае месца ці ў сінхронным плаванні, ці ў біатлоне.

Фота — westrecords.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі