J:морс зладзілі свой першы open-air
Так, з нетыповымі для J:морс інструментамі і свежымі аранжыроўкамі, прагучалі хіты розных гадоў: "Маё сонца", "Web-дизайн", "Так-цік-так", "Поезд",
"Глядзі", "Календарем", "Серая тень", "Мятное лето". Да стандартнай "справаздачы" гэтым разам музыкнты дадалі таксама песню "London Town", якая была напісана Уладзімірам Пугачам разам са Славам Бандарэнкам і увайшла ў рэпертуар гурта "Чехов".
Нягледзячы на дождж і кошты — месца за столікам каштавала ад 70 да 100 тысяч — квіткі на канцэрт былі прададзеныя за некалькі дзён, ды і праз танцпляц перад сцэнай было не праціснуцца.
Імпрэза нагадвала сяброўскую сустрэчу. Уладзімір Пугач размаўляў з гледачамі, жартаваў, распавядаў пра песні і прадстаўляў музыкантаў. А фанаты ў сваю чаргу частавалі гурт напоямі і перадавалі цыдулкі.
"Вы, мабыць, і самі заўважылі змену жанру, — звярнуўся да гледачоў Уладзімір Пугач. — Зараз мы выканаем яшчэ адну песню ў стылі гарадскога шансона. Гэта наша новая кампазіцыя, якая яшчэ ніколі не гучала, і называецца яна "Дзесьці".
Як вядома, J:морс зараз актыўна працуе над падрыхтоўкай новага альбома. Музыканты абяцаюць, што ён будзе адрознівацца ад папярэдніх, але пакуль не раскрываюць сакрэтаў. Што ж, Еўрарадыё зычыць музыкам натхнення и чакае новую пласцінку!