Каб патрапіць у кватэру бацькоў маладафронтаўца, міліцыя выключыла святло

Каб патрапіць у кватэру бацькоў актывіста баранавіцкай філіі міжнароднай арганізацыі "Малады фронт" і стыпендыята праграмы Кастуся Каліноўскага Пятра Рузава, міліцыянты выключылі ў ёй святло. Здарэнне адбылося ўвечары 15 сакавіка. Баранавіцкая міліцыя шукае хлопца, каб прыцягнуць яго да адказнасці за нібыта ўхіленне ад вайсковай службы і падробку дакументаў.  Маці маладафронтаўца пабаялася выходзіць на лесвіцу, каб праверыць, ці не здарылася што з электрычным шчытом. Тады супрацоўнік міліцыі праз дзверы пачаў крычаць, што маці Пятра павінна даць паказанні на свайго сына, паколькі супраць яго распачатая крымінальная справа. Па словах маладафронтаўца, таксама яго маці паведамілі, што калі яна не прыйдзе да на допыт, то міліцыянты атрымаюць дазвол на ўзлом яе дзвярэй.

Па словах Пятра Рузава, яшчэ ў мінулым годзе супраць яго была распачатая крымінальная справа і ён атрымаў два штрафы за тое, што не з’яўляўся на медычны агляд у ваенкамат у той час, як знаходзіўся за межамі Беларусі. Пасля гэтага ён даслаў у ваенкамат даведку, што з’яўляецца студэнтам Познаньскага ўніверсітэту імя Адама Міцкевіча, і справа ў пракуратуры супраць яго была закрытая.

Аднак, як раней паведамляла Еўрарадыё, 18 лютага сёлета маці маладафронтаўца патэлефанаваў следчы баранавіцкай міліцыі і паведаміў, што супраць Пятра зноў распачатая крымінальная справа за ўхіленне ад вайсковай службы. Аднак гэтым разам апроч абвінавачвання ва ўхіленні ад мерапрыемстваў прызыву яму, нібыта, яшчэ інкрымінуюць падробку дакументаў.

У ваенкамаце палічылі, што даведка, выдадзеная Познаньскім універсітэтам, была падробленая. Следчы патрабаваў неадкладнага вяртання Рузава ў Беларусь для дачы пісьмовых сведчанняў і пагражаў, што па існуючых дамоўленасцях паміж Беларуссю і Польшчай маладафронтаўца дэпартуюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі