Кабякоў: З пачатку года кошты ў Беларусі выраслі на 3,3%

З пачатку года спажывецкія кошты выраслі ў Беларусі на 3,3%, а нацыянальная валюта абясцэнілася на 25%. Пра гэта сёння заявіў прэм’ер-міністр краіны Андрэй Кабякоў, прадстаўляючы праграму дзеяння ўраду на паседжанні сесіі Палаты прадстаўнікоў. Вялікую разбежку паміж дэвальвацыяй і інфляцыяй Кабякоў патлумачыў наступным чынам:

“Рост спажывецкіх коштаў на 17 лютага, то бок, ад пачатку года, склаў 3,3%, пры аслабленні беларускага рубля ў гэты перыяд на 25% — з 1 студзеня па 17 лютага. Гэта ніжэй, чым Расія, Украіна — нашы асноўныя суседзі. Ажыццяўленне жорсткага кантролю за коштамі, спыненне любых, нават самых слабых спробаў манірпуляцый у гэтай сферы — гэта мэтавая задача, пастаўленая прэзідэнтам. Дзеля яе вырашэння мы будзем дзейнічаць актыўна, паэтапна замяняючы адміністратыўныя абмежаванні захадамі дадатковага рэгулявання і канкурэнцыі”, — сказаў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў.  

У снежні 2014 годзе, калі долар пачаў заўважна расці, з’явілася ўрадавая пастанова № 1207, паводле якой увялі фактычную забарону на павышэнне коштаў. З сярэдзіны студзеня імпарцёрам дазволілі павышаць кошты на велічыню змянення курса долара. У лютым беларускім вытворцам таксама дазволілі змяняць цану тавараў на велічыню змянення коштаў сыравіны і матэрыялаў, якія паступілі пасля 18 снежня 2015 года.

Згодна з афіцыйным прагнозам, інфляцыя ў 2015 годзе запланаваная на ўзроўні 12%. Але месяц таму Нацбанк паведаміў пра карэкціроўку прагнозаў. Цяпер чакаецца, што рост спажывецкіх коштаў сёлета павінен скласці 16-20%.

Ілюстратыўнае фота з сайта sb.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі