Калачиком рядом. "Холода"

 Пласцінка створана ў лепшых традыцыях рускага року: музыка падкрэслівае значнасць і трапнасць тэкстаў, а ля мікрафона знаходзіцца яскравы фронтмэн з прыгожым голасам і, хочацца спадзявацца, мужным поглядам.

Альбом можна падзяліць на дзве стыхіі – этна-руска-рокавую, якая бярэ пачатак ад песні “Обязанность” і ўзрываецца трэкамі “За каждой каплей” і “Перчатки”, і ўласна бадзёра-рокавую, што чаргуе баладныя роздумы кшталту “Холодов” і драйвова-нервовыя ўсплескі як “Клиника моей болезни”. Этна-рокавы бок “Холодов” проста прымушае ўспомніць “Калинов мост” і альбом “Иноземец” Іны Жаланнай, а арыентальны мяккі вакал Мікіты Емяльянава хочаш - не хочаш вызывае асацыяцыі з Дзмітрыем Равякіным.

Драйвовы бок дыска “Калачиком рядом” і ёсць той самы рускі рок, куды ўплятаецца мітусня ў гармоніі і форме, уласцівая ў дадзеным кантэксце толькі “Калачам”. Менавіта яна дапамагае гурту не згубіцца ў не надта актуальнай музычнай плыні . А яшчэ саксафон, які чамусьці гучыць вельмі па-беларуску.

“Калачиком рядом” ідуць па Цэнтральнай вуліцы, дзе мнагалюдна. Аднак харызматычны лідар і вакаліст гурта Мікіта Емяльянаў – смяльчак, бо не імкнуцца граць модны рэвайвал-рок, а шчыра ствараць вобразы і мелодыі ў духу крыху падбрадзіўшага рускага року і, тым больш, верыць у гэта ў Беларусі, можа толькі адважны чалавек. Альбом “Холода”, безумоўна, знойдзе свайго слухача, але наўрад ці гэты слухач будзе жыць у Варшаве, Кёльне, Манпелье ці Люксембургу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі