Калі б на допінг праверылі дзіцяча-юнацкія школы, парушальнікаў было б больш

За 9 месяцаў у 7 беларускіх спартоўцаў знайшлі допінг. “Патрапіліся” толькі маладыя спартоўцы. На пытанне Еўрарадыё, ці можна назваць гэту сітуацыю “допінгавым крызісам”, кіраўнік Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Мікалай Кручынскі кажа, што напярэдадні Алімпійскіх гульняў гэта нармальна.

Мікалай Кручынскі: Вы ведаеце, калі б у мяне была магчымасць дайсці да ўсіх дзіцяча-юнацкіх школ, тады б гэтая лічба была на парадак вышэй. Любы выпадак допінгу – гэта надзвычайнае здарэнне. Колькасць такую за 9 месяцаў я не лічу катастрафічнай. Магло быць і болей.

Журналіст Барыс Тасман таксама лічыць, што допінгавы крызіс сёння актуальны для ўсяго свету. Менавіта таму Міжнародны алімпійскі камітэт абвясціў, што на гульнях у Пекіне будзе зроблена 4.500 проб на допінг - на тысячу болей, чым на мінулай Алімпіядзе. Барыс Тасман шкадуе, што допінг-тэст не прайшлі будучыя зоркі вялікага спорту.

Барыс Тасман: Завалілі тэсты маладыя спартоўцы, якія не з’яўляюцца зоркамі міжнароднага ўзроўню. Хутчэй за ўсё гэта людзі, якія маглі б праз некалькі год праз граматную і метадычную працу выйсці на высокія рубяжы.

Як даведалася Еўрарадыё, толькі адзін з спартоўцаў, якія правалілі допінг-тэсты, прызнаўся ва ўжыванні забароненых прэпаратаў. Астатнія пакуль адмаўляюцца. І Тасман, і Кручынскі ўпэўненыя, што кожны спартовец ведае, на што ідзе, таму гаварыць пра нейкае няведанне не даводзіцца.

Зараз усе аналізы беларускіх спартоўцаў праводзіць маскоўская антыдопінгавая лабараторыя. Магчыма, выйсце ва ўласнай беларускай антыдопінгавай лабараторыі, якая дапаможа не выносіць смецце з хаты і на першапачатковым узроўні вырашаць праблемы.

Барыс Тасман: Калі б была ўласная лабараторыя, тады магчыма б было праводзіць допінг-тэсты ў Мінску. Гэта прымусіла б мабілізавацца і галоўных трэнераў нацыянальных каманд, і кіраўнікоў федэрацый ,г.зн. быў бы хатні кантроль. Гэта дазволіць выяўляць парушальнікаў на ранняй стадыі, і ўсе зразумеюць, што існуюць новыя правілы гульні, у якія трэба “ўпісвацца”. Ніхто, груба кажучы, не павязе “мурзаў “ на міжнародныя спаборніцтвы.

Кіраўнік Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Мікалай Кручынскі кажа Еўрарадыё, што ўласная антыдопінгавая лабараторыя не дазволіць схаваць выпадкі станоўчага допінг-тэсту.

Мікалай Кручынскі: Любы выпадак прымянення спартоўцам забароненых субстанцый падлягае апавяшчэнню Сусветнага антыдопінгавага агенцтва.

Плануецца, што да пачатку Алімпіяды ўсе пробы будуць праводзіцца ўжо ў Мінску. Як даведалася Еўрарадыё, мінімальна за год спартовец здае чатыры разы пробы на допінг, а максімальна – да бясконцасці. Мікалай Кручынскі не адмаўляе таго, што перад Алімпіядай пробы на допінг будуць праводзіцца ў два разы болей, а ў тытулаваных спартоўцаў ледзь не кожны дзень.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі