"Калі ты сусед Расіі, табе лепш быць у NATO" — Зяленскі
На фронце ва Украіне / t.me/V_Zelenskiy_official/
У інтэрв'ю "Бі-бі-сі" прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пракаментаваў сітуацыю на фронце. "Мы не адступаем, мы ідзем наперад, — кажа ён. — Крокі хацелася б рабіць шырэй, яны трохі вужэйшыя... У любым выпадку мы ўпэўненыя ў поспеху контрнаступальных дзеянняў".
Зяленскі пацвердзіў, што поспех украінскага наступу з'яўляецца адным з рашаючых фактараў, што ўплывае на аб'ёмы і інтэнсіўнасць заходняй ваеннай дапамогі Кіеву. Пры гэтым ён адмаўляе, што на ўлады Украіны аказваецца ціск.
Украінскі прэзідэнт кажа, што Кіеў не пагодзіцца на "замарожаны канфлікт".
Уладзімір Зяленскі ў чарговы раз заявіў, што курс яго краіны на здабыццё сяброўства ў NATO з'яўляецца безальтэрнатыўным. Паводле яго слоў, сяброўства Украіны ў альянсе ўзмоцніць яго, бо "Украіна валодае самай магутнай арміяй на ўсходнім флангу NATO".
"Калі ты сусед Расіі, ты ў небяспецы. Калі ты сусед Расіі, табе лепш быць у NATO", — заявіў украінскі прэзідэнт у згаданым інтэрв'ю. Раней ён гаварыў, што хацеў бы бачыць нашу краіну ў ЕС і NATO.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.