"Калі я даведаюся, што група створана для галачкі, то сыйду"

Дапамогі аднаго лорда Бэла для іміджу Беларусі стала недастаткова. Прасоўваць брэнд «мэйд ін Беларус» прапанавалі незалежным экспертам. Прэм'ер Сідорскі падпісаў загад аб стварэнні спецыяльнай групы. Загад стварыць так званую «Міжведамасную працоўную групу для выпрацоўкі плану дзеяння па развіцці краінавага маркетынгу» падпісаў прэм'ер Сідорскі.

У склад ўключылі і нелаяльных да беларускай улады дзеячаў.  Напрыклад, эканаміста і намесніка старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука, незалежнага сацыёлага Андрэя Вардамацкага.

“Развіццё нашай краіны і яе эканомікі не магло не прывесці да таго, што рана ці позна будуць запрашацца людзі з недзяржаўнага сектара”, - лічыць адзін з прадстаўнікоў групы Пётр Папялушка, дырэктар рэкламнага холдынга SMG.

Выходзіць, адной дапамогі  брытанскага іміджмэйкера лорда Бэла Беларусі недастаткова.
Але, як тлумачаць удзельнікі новай маркетынгавай групы, Бэл будзе працягваць займацца палітычным піярам нашай краіны, а яны – раскручваць лэйбл “мэйд ін Беларус”.

“У планах, наколькі я ведаю, разглядаліся накірункі, якія могуць дапамагчы ў продажы нашых беларускіх тавараў, - кажа Пётр Папялушка. -  Гэта азначае, што наша дапамога спатрэбіцца, каб наладзіць на прадпрыемствах больш пісьменны маркетынг і палепшыць продаж нашых прадуктаў як на ўнутраным рынку, так і за мяжой”.

Некаторыя ўдзельнікі групы ўжо на ўсю моц крытыкуюць лорда Бэла і гатовыя яго замяніць.

“У мяне свая канцэпцыя падыходу да маркетынгу ў краіне. І яна не супадае з тым, што прапануе лорд Бэл, - выказаўся “Еўрарадыё” Яраслаў Раманчук. – Перш за ўсё павінен быць маркетынг добрага прадукта. І калі грамадскія, палітычныя і эканамічныя свабоды будуць рэальнасцю, а не дэкларацыяй, я буду з гордасцю ездзіць па свеце і казаць пра нашу прыгожую Беларусь. Калі я даведаюся, што група створана для прафанацыі і галачкі, то сыду”.

Але група наўрад ці распадзецца, пераважная большасць яе ўдзельнікаў – дзяржаўныя людзі.

Першыя паседжанні адбудуцца ўжо напрыканцы студзеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі