Камароўскі і Качыньскі пазмагаюцца за пасаду прэзідэнта Польшчы(фота)
На думку экспертаў менавіта спікер парламента і брат загінулага кіраўніка краіны выйдуць у другі тур выбараў. Аднак незалежна ад пераможцы, адносіны Польшчы і Беларусі не зменяцца.
Датэрміновыя выбары прэзідэнта ў Польшчы адбудуцца 20 чэрвеня. Пра гэта афіцыйна заявіў ў сераду 21 красавіка спікер польскага Сейма Браніслаў Камароўскі, які зараз выконвае абавязкі загінуўшага пад Смаленскам Леха Качыньскага.
Цягам наступных 5 дзён выбарчыя камітэты павінны паспець сабраць па тысячы подпісаў, каб зарэгістравацца ў Цэнтрвыбаркаме. А вось каб зарэгістраваць саміх кандыдатаў у прэзідэнты, ім трэба будзе да 6 траўня сабраць 100 тысяч подпісаў.
Вядомыя ўжо і першыя удзельнікі прэзідэнцкай гонкі. Кіруючую партыю “Грамадзянская платформа” (PO) прадставіць спікер Сейма Браніслаў Камароўскі. Ва ўнутрыпартыйных выбарах ён абышоў свайго галоўнага канкурэнта ― міністра замежных справаў Радаслава Сікорскага, паведаміў Еўрарадыё аналітык Польскага інстытута замежных спраў Яраслаў Цвек-Карповіч.
Яраслаў Цвек-Карповіч: “Гэта проста нерэальна, каб Сікорскі быў кандыдатам. Ён прайграў праймерыз у “Грамадзянскай платформе”. Да таго ж да выбараў засталося вельмі мала часу. Таму афіцыйны кандыдат партыі ― Браніслаў Камароўскі”.
Радаслаў Сікорскі і Браніслаў Камароўскі
Два іншыя вядомыя кандыдаты ― гэта Анджэй Аляхоўскі, якога падтрымлівае партыя Дэмакратычны рух (SD), і Марэк Юрэк ад партыі Правых Рэчыпаспалітай (PR). Вызначылася з кандыдатам і сялянская партыя “Польскі народны рух” (PSL). Яе прадставіць на выбарах віцэ-прэм’ер Вальдэмар Паўляк.
Анджэй Аляхоўскі
Марэк Юрэк
Вальдэмар Паўляк
А вось дзве апазіцыйныя партыі – Народна-Дэмакратычны Рух (SLD) ды Права і Справядлівасць (PiS) павінны вызначыць сваіх новых прадстаўнікоў да канца тыдня. Іх кандыдаты ― Ежы Шмайдзіньскі і Лех Качыньскі ― загінулі ў катастрофе пад Смаленскам 10 красавіка.
На думку палітолагаў, замест загінулага прэзідэнта ў выбарах возьме ўдзел яго брат-блізнюк Яраслаў Качыньскі.
Яраслаў Качыньскі
Ён можа стаць сур’ёзным сапернікам для лідэра рэйтынгаў Браніслава Камароўскага, паведаміў былы польскі прэзідэнт Аляксандр Кваснеўскі ў эфіры тэлебачання tvn24.
Аляксандр Кваснеўскі: “Думаю, што калі Яраслаў Качыньскі вырашыць быць кандыдатам, а пакуль усё сведчыць, што так і будзе, то ён стане вельмі істотным канкурэнтам. Хаця гэтая перадвыбарчая кампанія будзе зусім іншая. Яна будзе праходзіць у ценю гэтай катастрофы, таму будзе не такая вострая ў фармулёўках”.
Народна-Дэмакратычны Рух (SLD) пакуль мае некалькі патэнцыйных кандыдытаў ― дэпутата Сейма Рышарда Каліша, еўрадэпутата Марка Сіўца і кіраўніка Польскай Акадэміі навук прафесара Міхала Клейбэра. Праўда, каб кандыдат быў больш верагодным, яго павінны падтрымаць і іншыя левыя партыі, лічыць Рышард Каліш.
Рышард Каліш: “Я не буду ўхіляцца, калі мне прапануюць быць кандыдатам. Але мне здаецца, што трэба таксама выканаць неабходныя умовы адносна падтрымкі больш шырокага кола левых партый. Мы павінны быць як мага больш аб'яднаныя”.
Марэк Сівец
Міхал Клейбэр
На думку экспертаў у другім туры выбараў, які можа адбыцца 4 ліпеня, за прэзідэнцкае крэсла будуць змагацца Браніслаў Камароўскі і Яраслаў Качыньскі.
Паводле сацыялагічных апытанняў, з вынікам у 55% пакуль лідзіруе спікер польскага Сейма. Яраслава Качыньскага падтрымліваюць каля 30% апытаных.
Аднак незалежна ад таго, хто стане новым прэзідэнтам Польшчы, на беларуска-польскія адносіны гэта ніяк не паўплывае, упэўнены аналітык Польскага інстытута міжнародных спраў Яраслаў Цвек-Карповіч.
Яраслаў Цвек-Карповіч: “За замежную палітыку адказны ў асноўным урад. І апошнім часам у беларуска-польскіх адносінах менавіта урад займаў актыўную пазіцыю. Таму выбар прэзідэнта нічога не зменіць. Ні адзін з патэнцыяльных кандыдатаў у сваіх выказваннях не аспрэчвае мэтаў і прынцыпаў палітыкі адносна Беларусі, выпрацаваных цягам апошніх гадоў”.
На думку Яраслава Цвека-Карповіча, Польшча і далей будзе падтрымліваць Беларусь на шляху да дэмакратызацыі, спрыяць узмацненню незалежнасці і развіццю вольнарынкавых адносін.
Фота warszawa78.blox.pl, frazpc.pl, dziennik.pl, forum.sat-box.pl, wloczykijowo.wordpress.com, fakty.interia.pl, pinchukfund.org, wiadomosci.wp.pl