Камерунскі футбаліст нарэшце вызвалены з турмы на Акрэсціна

Позна ўвечары 15 ліпеня галкіпер нарвежскай каманды па футзале IOF Гі Франсуа Тукам дабраўся да Іспаніі. Ягоная сяброўка Інмакулада Гансалес, па звестках праваабарончага сайту "Вясна", даслала ліст праваабаронцам:

“Дарагія сябры! Нарэшце! Гі Франсуа Тукам быў адпушчаны сёння, і прыляцеў у наш дом у Валенсіі. Я хацела б павіншаваць вас за выдатную працу, якую вы зрабілі, і ад шчырага сэрца падзякаваць за дапамогу вам і вашым партнёрам. Яшчэ па тэлефоне ён распавёў, што страціў 40 кілаграмаў вагі і што самае горшае для яго было падчас арышту - недахоп вады. Яшчэ раз дзякуй, і памятайце, што я хачу супрацоўнічаць з Вамі. Моцна цалую. INMA.
Жывуць правы чалавека!”


Як раней паведамляла Еўрарадыё, з 1 чэрвеня спартоўца трымалі ў мінскім ізалятары на Акрэсціна. Ён прыляцеў у Мінск на спаборніцтвы, але ў аэрапорце яго затрымалі па падазрэнні ў падробцы пашпарта.

У справе арышту Тукама застаюцца пытанні. Напрыклад, амбасада Камеруна ў Маскве паведаміла, што дакументы пра асобу Тукама і сапраўднасць ягонага пашпарту былі адпраўленыя ў Мінск яшчэ 28 чэрвеня. Незразумела таксама, калі адбыўся суд над камерунцам, які вынес рашэнне аб дэпартацыі і якім чынам быў сплочаны штраф.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі