"Камітэт рэпрасаваных" па-руску

120515 KacS.mp3

Еўрарадыё: Ці цяжка было знайсці адвакатаў, якія працавалі б бясплатна?

Максім Кац: Я, шчыра кажучы, і не спрабаваў знайсці бясплатных адвакатаў, бо гэта, на маю думку, зусім няправільная практыка. У выніку прыйшло некалькі адвакатаў, якія працавалі дзеля ідэі. Але правільней было б сабраць грошы з тых, хто хацеў бы дапамагчы. 

Еўрарадыё: Вы ўкладалі свае сродкі?

Максім Кац: Так, але і з жадаючых мы сабралі неблагую суму – каля 30 000 долараў.

Еўрарадыё: Колькі людзей далучылася да працы вашага штаба?

Максім Кац: Працавала каля 30 валанцёраў. Жадаючых было больш, але больш і не было патрэбы. Адвакатаў было 20, з іх 4 працавалі бясплатна. 

Еўрарадыё: Людзей хутка выпускалі з РАУС. Ці дзякуючы таму, што прыходзілі нанятыя вамі адвакаты?

Максім Кац: Не ведаю, ці дзякуючы гэтаму, але было шмат выпадкаў, калі адвакат прыходзіў у РАУС, ды там адразу ўсіх адпускалі, бо начальнік РАУС зусім не разумеў, навошта яму прывезлі гэтых людзей ды што з імі рабіць. Калі ён сустракае нейкае прафесійнае супрацьдзеянне – ён наогул нічога не гатовы з гэтым рабіць.

Еўрарадыё: Адпускалі адразу з РАУС? Ці нехта даязджаў да судоў з адвакатам?

Максім Кац: Мала хто даязджаў да судоў. А хто даязджаў – тых або адпускалі, або суд паведамляў, што згубіў усе дакументы, ды што ўсе ідзіце адгэтуль. 

Еўрарадыё: Ці не баяліся адвакаты, што іх пазбавяць адвакацкай ліцэнзіі?

Максім Кац: У нас, усё ж такі, не так, як у Беларусі. У вас людзі ў цывільным хадзілі па вуліцах ды білі людзей проста так. Тут ніякі адвакат не дапаможа. У вас пазбаўлялі ліцэнзіі. У нас – ніхто не баяўся. Адвакаты былі цалкам “баявыя”, не рыхтаваліся, што іх запалохаюць. Ніводзін не адмовіўся. 

Еўрарадыё: Ці не баіцеся вы, што ў вас узнікнуць праблемы з офісам?

Максім Кац: Калі ўзнікнуць – я здыму іншы. Дый у мяне не офіс апазіцыі – гэта мой камерцыйны офіс, які я знімаю для сваіх камерцыйных мэтаў. Проста, калі пачалося гэта ўсё, я сваю камерцыйную арганізацыю разагнаў ды зрабіў там штаб дапамогі. Цяпер там зноў мая арганізацыя. У нас не ўсё “пад каўпаком”, як у вас. 

Еўрарадыё: Суд пастанавіў упарадкаваць лагер апазіцыі. Ваш штаб так жа стыхійна і зачыніцца?

Максім Кац: Ён цяпер зачынены, але гатовы напрацягу гадзіны адкрыцца і зноў пачаць дзейнасць. І так цяпер будзе заўжды. Грошы ляжаць, яны даступныя. А галоўнае, што даступныя грошы ды ёсць штаб адвакатаў, якія гатовыя працаваць – штаб можна склікаць у любы дзень. Пакуль усё спакойна. Затрыманняў пакуль няма. Магчыма, лагер апазіцыі перанясецца ў іншае месца. 

Еўрарадыё: Адна з адвакатак, якая працавала ў вашым штабе, Кацярына Раманава, распачыла ў сацыяльных сетках акцыю дапамогі АМАПаўцам, якія адмаўляліся затрымліваць і збіваць мірных дэманстрантаў, пасля чаго і былі звольненыя з ворганаў. Ці атрымалася знайсці і наноў працаўладкаваць звольненных паліцыянтаў?

Максім Кац: Не ведаю. Я чуў, што яна гэта робіць, сам хачу нешта зрабіць, каб дапамагчы, але не надта з ёю звязаны.

Еўрарадыё: Ці ёсць у вас нейкі рэцэпт для беларусаў?

Максім Кац: Не баяцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі