Камп'ютарную гульню "Аперацыя "Баграціён" будуць выкарыстоўваць на ўроках?

Стратэгічную наступальную гульню "Аперацыя "Баграціён" плануецца выкарыстоўваць на ўроках гісторыі ў школах. Як нагадвае БелаПАН, распрацавала яе беларуская кампанія Gamstream. "Аперацыя "Баграціён" была прызнаная найлепшай стратэгічнай гульнёй 2008 года на Міжнароднай канферэнцыі распрацоўшчыкаў камп'ютарных гульняў у Маскве ў траўні 2009 года.

Як адзначыў адзін з стваральнікаў гульні Ўладзімір Кіслы, дагэтуль не існавала такой камп'ютарнай стратэгіі, удзел у якой прымае да 2 тысяч адзінак віртуальнай тэхнікі.

Для стварэння гульні аўтары дэталёва вывучылі мясцовасць, дзе адбываліся бітвы, звярнуўшыся па дапамогу ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які кансультаваў у гістарычных і тактычных баявых пытаннях.

Па гульні прайшоў чэмпіянат сярод навучэнцаў Беларусі. Пераможцам яго стаў гродзенскі школьнік Раман Лебядзінскі.

Намеснік дырэктара музея Вячаслаў Казачонак не выключае, што гульня можа з'явіцца ў інфармацыйна-камп'ютарных класах сярэдніх школ. Пагатоў, што аўтары з самага пачатку думалі ўводзіць яе ў якасці факультатыва па ўроках гісторыі для тых, каму гэтая тэма цікавая. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі