Камунальнікі могуць закрыць Партыю БНФ

Фронтаўцы дагэтуль вінныя ЖРЭУ 5 мільёнаў рублёў. За такую запазычанасць ім могуць не працягнуць арэнду, бо гэта грубае парушэнне дамовы. Без офіса і без юрадрасу партыя рызыкуе страціць рэгістрацыю.
Да гэтага можа прывесці іх канфлікт са ЖРЭА Савецкага раёна. Бо выглядае на тое, што следам за стратай офіса, дамову на арэнду якога з партыяй не працягнуць з-за запазычанасцяў па камунальных плацяжах, “фронтаўцы” могуць страціць юрыдычны адрас і рэгістрацыю ў Мінюсце.

Праўда, паводле слоў намесніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, усе запазычанасці камунальнікам выплачаныя.

Вінцук Вячорка: “Сёння мы маем дакумент са ЖРЭА, дзе напісана, што мы павінны да 8 ліпеня актам прыёма-перадачы здаць Сядзібу, а перад тым заплаціць усе даўгі, якія немаведама адкуль узяліся. Але фактычная сітуацыя такая, што даўгі заплачаныя — і такім чынам няма прававой падставы для нейкіх рэпрэсіўных дзеянняў”.

Але галоўны эканаміст ЖРЭА Савецкага раёна Сяргей Прусаў сцвярджае, што арандатары офіса на Варвашэні да гэтага часу застаюцца вінныя ім 5 мільёнаў 115 тысяч 596 рублёў.

Сяргей Прусаў: “Гэтая сума складаецца з трох частак: частковая запазычанасць па арэнднай плаце за снежань у суме 1 мільён 16 тысяч 988 рублёў, запазычанасць за люты ў суме 2 037 209 рублёў і запазычанасць за сакавік у суме 2 061 399 рублёў. Апошні плацёж прыйшоў ад БНФ у пятніцу, гэта былі 2 152 018 рублёў поўнай арэнднай аплаты за красавік. Але папярэднія перыяды засталіся неаплачанымі”.

Дарэчы, як кажа старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, тэрмін дамовы на арэнду памяшкання сапраўды заканчваецца 8 ліпеня. Але паводле дамовы, яна аўтаматычна працягваецца, калі арандатар не парушаў умоў дамовы. Для ЖРЭА такім парушэннем фактычна з’яўляецца наяўнасць запазычанасці па арэнднай плаце. “Фронтаўцы” ж не толькі не прызнаюць сваёй віны ў несвоечасовых выплатах, але і вінавацяць ЖРЭА ў тым, што яны загадзя ім пра тыя запазычанасці не паведамілі. Згодна са словамі Вінцука Вячоркі, камунальнікі парушылі Грамадзянскі кодэкс: яны не папярэдзілі загадзя пра запазычанасці ў аплаце, а адразу даслалі ліст аб высяленні з памяшкання. Таму зараз прадстаўнікі партыі будуць спрабаваць вырашыць пытанне з дапамогай перамоў. Калі ж яны будуць безвыніковымі, то звернуцца са скаргай на ЖРЭА ў суд.

Але змагацца да апошняга за офіс у цэнтры Мінска вымушае “фронтаўцаў” не толькі яго ўдалае месцазнаходжанне: пазбавіўшыся офіса, партыя рызыкуе пазбавіцца юрыдычнага адрасу.

Вінцук Вячорка: “Мы не можам адсюль сысці, бо юрыдычныя адрасы Партыі БНФ, грамадскага аб’яднання “БНФ-Адраджэнне”, а таксама некалькіх рэгіянальных структур размешчаныя тут. Ніхто не дасць гарантыі, хутчэй за ўсё, будзе наадварот: паспрабаваўшы знайсці юрыдычны адрас у іншым месцы, мы яго не знойдзем і страцім юрыдычную рэгістрацыю партыі і грамадскага аб’яднання”.

А страта юрыдычнага адрасу можа аўтаматычна прывесці да таго, што Мінюст пазбавіць партыю рэгістрацыі. Праўда, старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі прызнаўся, што ў іх ёсць на прыкмеце запасныя варыянты пад офіс, але і яны не вельмі надзейныя.

Лявон Баршчэўскі: “Канечне, запасныя варыянты ёсць, але не выключана, што калі пачнем афармляць дакументы на гэты запасны варыянт, то гэтага чалавека могуць запалохаць — і ён адмовіцца”.

Нагадаем, што пачынаючы з красавіка 2009 года арэнда офісаў для грамадскіх аб'яднанняў была падвышаная практычна ў 10 разоў. Партыя БНФ сёння плаціць за мінскае памяшканне прыблізна 2 800 долараў у месяц. Еўрарадыё вырашыла даведацца, якім чынам іншыя партыі вырашаюць “офісныя” праблемы. Як адзначае Анатоль Лябедзька, яны свой офіс проста набылі ва ўласнасць.

Анатоль Лябедзька: “Мы купілі гэты офіс і ён з’яўляецца партыйнай уласнасцю. І гэта адбіла адразу ўсе намаганні і спробы з боку ўлады гуляць на гэтым полі”.

Знайшлі выйсце і кіраўнікі Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Паводле слоў Сяргея Гайдукевіча, яны правялі працэс аб’яднання.

Сяргей Гайдукевіч: “Напрыклад, у Віцебску ўзялі пашыраны офіс — пашырылі абласную арганізацыю, узялі большае па плошчы памяшканне ў арэнду. Чаму? Гарадская арганізацыя павінна мець паводле статуту тры раённыя арганізацыі — адна раённая, тры "пярвічкі". Уяўляеце, колькі трэба офісаў?! Мы перавялі на гарадскі офіс тры "раёнкі". Мы стварылі гэтую камбінацыю па ўсёй краіне. І займаліся гэтай праблемай паўтары гады”.

Згодна са словамі Гайдукевіча, пра тое, што арэндная плата для грамадскіх арганізацый хутка падвысіцца, яны даведаліся напрыканцы 2007 года. З таго часу не толькі самі думалі аб тым, як не застацца без офіса, але і іншых папярэджвалі.

Сяргей Гайдукевіч: “Паўтары гады мы выкручваліся з гэтай сітуацыі і здзіўляліся, чаму ўсе астатнія маўчаць. Потым я проста прыйшоў да высновы: напэўна, больш ніхто не сутыкнуўся з гэтай праблемай, а папаліся мы адны.

Але Вінцук Вячорка пакрыўдзіўся на падазрэнні, што яны сядзелі і чакалі, што ўсё само па сабе неяк вырашыцца.

Вінцук Вячорка: “Не трэба лічыць нас ідыётамі! Зразумела, што мы пра ўсё гэта думалі так, як і іншыя. Памяшканне Сядзібы, на жаль, не скарачаецца, мы не можам адмовіцца ад часткі памяшкання — гэта абумоўлена канструкцыйнымі асаблівасцямі гэтага памяшкання. І яно не можа быць выкуплена”.

Палітык слушна заўважыў, што месца сядзібы БНФ даўно стала “агменем беларускай культуры і дэмакратычнай дзейнасці”. Страціць яго будзе шкада. Але ніхто з калегаў не захацеў гэты агмень падхапіць у выпадку найгоршага развіцця сітуацыі. Як адзначае Анатоль Лябедзька, ім для арганізацыйнай працы хапае іх офісу. Сяргею Гайдукевічу не падабаецца месцазнаходжанне Сядзібы. А намеснік старшыні руху “За свабоду” Віктар Карняенка адпачатку выказаў сумнеў, што ўлады дазволяць ім гэтае памяшканне арандаваць, а потым прызнаўся, што ў іх і грошай на гэта няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі