Камунальнікі разыграюць сярод даўжнікоў квіткі на канцэрт і мікрахвалёўку

У Магілёве неплацельшчыкаў паслалі на рамонт разліковага цэнтра, у Барысаве спісы тых, не аплочвае камунальныя паслугі, вывесілі ў грамадскім транспарце, а ў Смаргоні ім проста адключаюць ацяпленне і высяляюць.  Баранавіцкія камунальнікі вырашылі змагацца з неплацельшчыкамі не пагрозамі, а розыгрышамі прызоў. Акцыя праводзіцца для тых, у каго запазычанасць складае тры і больш месяцаў. Паводле ўмоваў, калі ўладальнікі кватэр мужчыны выплацяць запазычанасць да 23 лютага, а ўладальніцы-жанчыны — да 8 сакавіка, то яны маюць шанец атрымаць адну мікрахвалёвую печку, адзін DVD-прайгравальнік, некалькі прасаў альбо 10 квіткоў на канцэрт гурта “Атлантыка”.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, з дапамогай якіх хітрыкаў камунальнікі іншых гарадоў дамагаюцца ад неплацельшчыкаў аплаты запазычанасцяў.

Пэўны час таму з’явілася інфармацыя, што камунальнікі Магілёва хочуць вывешваць партрэты неплацельшчыкаў на бігбордах. Але пакуль, кажа дырэктар Цэнтра гарадскіх інфармацыйных сістэм Аляксандр Селязнёў, да гэтага справа не дайшла. Хоць ад самой ідэі і не адмовіліся.

Аляксандр Селязнёў: “Наша задача — данесці да іх інфармацыю. Бо шмат хто з іх цэлымі днямі п’юць, не адчыняюць дзверы нашым супрацоўнікам і, можа, нават не ведаюць пра тое, што яны павінны. Такім чынам мы хочам да іх данесці інфармацыю і, што больш важна, папярэдзіць іншых”.

Затое з сённяшняга дня распачалі іншую акцыю — неплацельшчыкі дапамагаюць ЖЭСу рамантаваць разлікова-касавы цэнтр.

Аляксандр Селязнёў:
“У нас зараз ідзе рэканструкцыя разлікова-касавага цэнтра. Там ёсць будаўнічыя працы, якія не патрабуюць нейкай кваліфікацыі і асаблівых навыкаў. І на гэтыя працы мы спрабуем прыцягнуць тых, хто мае запазычанасць на камунальныя паслугі”.

Кажа, ужо ёсць чатыры чалавекі, згодныя такім чынам адпрацаваць запазычанасць камунальнікам. У той жа час, у Магілёве не адмаўляюцца ад карных сродкаў барацьбы за грошы. Паводле словаў Аляксандра Селязнёва, летась за няплату са сваіх кватэр былі выселеныя 7 сем’яў. А што, кажа, рабіць, калі такіх запазычанасцяў назбіралася больш як на 2,5 мільярда рублёў.

А вось камунальнікі Барысава, распавяла Еўрарадыё начальнік разлікова-даведачнага ўпраўлення ЖКГ Нона Лявута, павялі супраць неплацельшчыкаў сапраўдную псіхалагічную вайну.

Нона Лявута:
“Мы ва ўсіх аддзяленнях барысаўскага “Бытсервіса” — цырульнях, майстэрнях па рамонце абутку ды іншых — паўсюдна развесілі інфармацыю, што тры кватэры на сённяшні дзень пераселеныя, што калі вы не аплаціце цягам трох месяцаў, напісалі, на вас будзе аформлены выканаўчы надпіс у суд, альбо іск. А калі цягам 6 месяцаў — то аўтаматычна становіцеся ў чаргу на высяленне. І ва ўсіх аўтобусах мы размясцілі гэтую інфармацыю, на ўсіх шчытах”.

Апроч таго, дамовіліся з банкамі, і тыя не выдаюць крэдыты тым, хто не плаціць за кватэру. Не абышлі камунальнікі сваёй увагай і заводы ды прадпрыемствы Барысава.

Нона Лявута: “Яны дасылаюць нам спісы сваіх супрацоўнікаў, мы іх “прабіваем” па тэме неплацельшчыкаў і непасрэдна з тых спісаў “вышчэмліваем” тых, хто з’яўляецца дэбіторам. І працуем на месцах. Пагадзіліся нам заводы дапамагчы, і мы ўжо зараз пачынаем па гэтых спісах праводзіць працу”.

Летась у Барысаве камунальнікі выселілі з двух- і трохпакаёвых кватэр у аднапакаёвыя 3 сям’і. Апошняе высяленне знялі на відэа і паказалі сюжэт па мясцовым тэлебачанні.

А вось у Смаргоні, згодна са словамі юрыста мясцовага ЖКГ Ігара Дземянчонка, вырашылі не вынаходзіць ровар і ўздзейнічаюць на неплацельшчыкаў праверанымі сродкамі — карнымі.

Ігар Дземянчонак: “Перш за ўсё гэта — адключэнне камунальных паслуг, афармленне іскавых заяў аб спагнанні запазычанасці, афармленне іскавых заяў на высяленне. Ну, і папярэджанне грамадзян у пісьмовым, вусным выглядзе, наведванне неплацельшчыкаў”.

Летась у Смаргоні вымушаныя былі пераехаць на новае месца жыхарства тры сям’і неплацельшчыкаў. Чарговае высяленне прызначанае на гэтую пятніцу. На акцыю запрасілі журналістаў мясцовых СМІ.

Усе суразмоўцы Еўрарадыё негатыўна выказваліся наконт ініцыятывы сваіх баранавіцкіх калег з розыгрышам прызоў для даўжнікоў. Маўляў, трэба ўзнагароджваць тых, хто своечасова плаціць, а не наадварот. Але як патлумачыў начальнік ЖРЭУ Баранавічаў Мікалай Капытнік, усё тое, што робяць іх калегі ў іншых гарадах, яны ўжо пераспрабавалі.

Мікалай Капытнік: “Усё гэта, што ў Барысаве, Магілёве — гэта ўсё мы пераспрабавалі. Нават, можа, больш, чым дзе. Адзінае што яшчэ — карыкатуры не малявалі. А так — спісы друкавалі, аўтадазвоны — гэта ўсё у нас ёсць. Вось і вырашылі правесці такую акцыю да 23 лютага і 8 сакавіка — апошняя нашая надзея”.

Што ж тычыцца тых, хто плаціць своечасова, то, кажа, іх яны таксама ўзнагароджвалі — зніжкай на бытавую тэхніку ў адной з крам горада. Да таго ж, ён не вельмі ўпэўнены, што нават верагоднасць выйгрышу мікрахвалёўкі альбо квітка на канцэрт “Атлантыкі” прымусіць злосных неплацельшчыкаў аплаціць запазычанасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі