Канцэрт “КРАМЫ” забаранілі з-за “нізкага мастацкага ўзроўню”

Канцэрт-прэзентацыя новага альбома гурта “КРАМА”, запланаваны на 30 траўня ў мінскім клубе NIGHT STAR, забаронены. Пра гэта “Еўрапейскаму радыё” паведаміў адміністратар гурта Павел Кашырын. Паводле яго словаў, дырэкцыя вымушаная была адмовіць гурту ў памяшканні пасля тэлефанавання з “вышэйшай інстанцыі”.
Павел мяркуе, што телефанавалі з упраўлення ідэалогіі Мінгарвыканкаму.

На мінулым тыдні Павел Кашырын сустракаўся з кіраўніком упраўлення культуры Мінгарвыканкаму Віктарам Курашам. Гэта была чарговая спроба атрымаць разавую ліцэнзію на правядзенне канцэрту “КРАМЫ”. У ліцэнзіі Кашырыну адмовілі. Нагодай стала тое, што, на думку ідэолагаў Мінгарвыканкаму, як музыкі, так і творы гурта “КРАМА” маюць нізкі мастацкі ўзровень. У той жа вечар і паступіла тэлефанаванне з выбачэннямі з клуба.

У панядзелак 15 траўня Павел Кашырын напісаў новую заяву на выдачу разавай ліцэнзіі на правядзенне канцэрта “КРАМЫ” і ў суправаджэнні карэспандэнта “Еўрарадыё” прыйшоў у кабінет намесніка кіраўніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкаму Анатоля Сабітава. Гэтым разам выявілася, што адной заявы недастаткова.

Анатоль Сабітаў: “Неабходна, каб вы прынеслі не толькі заяву, але і дамову з кіраўніцтвам установы, дзе вы плануеце праводзіць канцэрт, аб тым, што яны згодныя ў пэўны дзень і на пэўны час даць вам памяшканне. А то я вам выдам ліцэнзію, а адміністрацыя клуба, які вы ўказалі ў сваёй заяўцы, нічога пра канцэрт у іх памяшканні не ведае. Будуць потым тэлефанаваць мне з прэтэнзіямі”.

Павел Кашырын
: “Дырэктар клуба згодны прадаставіць нам памяшканне. У нас ёсць дамоўленасць. Але дамову яны з намі будуць падпісваць толькі ў тым выпадку, калі ў нас будзе ліцэнзія на арганізацыю мерапрыемства”.

Анатоль Сабітаў
: “Гэта вашы праблемы. Выдаць ліцэнзію без падпісанай з адміністрацыяй клуба дамовай я не магу”.

Павел Кашырын: “Калі заўтра я прыйду да вас не толькі з заявай, але і з такой дамовай, праблемаў з атрыманнем дазволу на правядзенне канцэрту не будзе?”

Анатоль Сабітаў: “Не ведаю. Прыносьце, будзем разглядаць і прымаць рашэнне”.

Павел Кашырын: “Магчымыя розныя варыянты?”

Анатоль Сабітаў: “Магчымыя”.

Павел Кашырын: “Ад чаго гэта залежыць? Гэты чыёсьці асабістае меркаванне?”

Анатоль Сабітаў: “Рашэнне заўжды прымаецца калегіяльна. Таму што вельмі сур’ёзная сітуацыя з арганізацыяй канцэртаў у Мінску. Вы б даўно ўжо ўзялі, ды правялі канцэрт без усялякага дазволу. Некаторыя праводзяць. Арыштавалі, праўда, цэлую групу…”

Павел Кашырын: “Вы нам раіце праводзіць канцэрт без дазволу?”

Анатоль Сабітаў: “Вырашайце самі. Я ж не магу вам сказаць, каб вы парушалі пастанову Савета міністраў 11.30. Калі вы бераце ліцэнзію, робіце рэкламу, распаўсюджваеце квіткі – вы становіцеся на афіцыйны шлях. А так бы сабраліся дзе-небудзь з сябрамі, без усялякіх квіткоў і прэзентавалі сваю праграму. У мяне вось часта збіраюцца сябры дома, музіцыруюць”.

Павел Кашырын: “Вы сказалі, што вырашацца пытанне будзе калегіяльна. Хто будзе ўваходзіць у тую калегію?”

Анатоль Сабітаў
: “Не ведаю. Калі ўзнікнуць пытанні па рэпертуары, па выканаўчым майстэрстве, то можа быць і створаная камісія. Пытанні ідэалогіі не апошнія ў нашай дзяржаве. Ідэалогія -- аснова грамадства. Новага альбома я не чуў, вас і вашых палітычных поглядаў не ведаю. Ведаю адно, што вы патрыёты сваёй радзімы. Таксама, як і я. Так, что – прыносьце дамову з клубам -- і будзем разглядаць пытанне”.


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі