Кандыдатам выдалі пасведчанні і прапанавалі дзве гадзіны на "жывыя" дэбаты

18 лістапада Цэнтрвыбаркам выдаў 10 пасведчанняў кандыдатаў у прэзідэнты. Напачатку пасяджэння камісіі ЦВК Мікалай Лазавік звярнуў увагу прысутных, што перыяд збору подпісаў у падтрымку кандыдатаў прайшоў вельмі ліберальна і дэмакратычна. Хоць прыдрацца і было да чаго.

На пасяджэнне ЦВК міністр Аляксандр Радзькоў, які прадстаўляў кандыдата Лукашэнку, прыйшоў адзін.

На ўваходзе ў Палац Рэспублікі ўсіх кандыдатаў дбайна правяралі з дапамогай металашукальніка


Напачатку пасяджэння камісіі ЦВК Мікалай Лазавік звярнуў увагу прысутных, што перыяд збору подпісаў у падтрымку кандыдатаў прайшоў вельмі ліберальна і дэмакратычна. Хоць прыдрацца і было да чаго.

Мікалай Лазавік: “Арганізатары выбараў, мясцовыя органы ўлады праявілі цярплівасць і стрыманасць нават у тых выпадках, калі ўдзельнікі пікетаў выходзілі за рамкі патрабаванняў Выбарчага кодэкса і пад выглядам збору подпісаў ажыццяўлялі некаторыя іншыя палітычныя акцыі”.

У выніку, з 17 зарэгістраваных у верасні ініцыятыўных груп, да фінішу дайшлі толькі 11 ініцыятыўных груп і здалі сабраныя подпісы ў выбарчыя камісіі на праверку. Не абышлося і без казусаў. Высветлілася, што група Мікалая Статкевіча ўмудрыліся сабраць подпісы ў 20 памерлых. А ў прэтэндэнта Правальскага аказалася толькі 118 сапраўдных подпісаў са 108 тысяч. Па словах загадчыцы арганізацыйна-прававога аддзела Цэнтрвыбаркама Надзеі Кісялёвай, памножыць подпісу яму дапамог ксеракс.

Надзея Кісялёва: “У адпаведнасці з высновай экспертаў, рукапісныя тэксты і подпісы ва ўсіх падпісных аркушах выкананыя спосабам электрафотаздымкаў на капіравальна-памнажальнай тэхніцы”.

Сам Правальскі ўсе абвінавачванні не прызнаў, абвінаваціў раённую ўчастковую камісію Віцебска ў перавышэнні паўнамоцтваў і паабяцаў абскардзіць рашэнне ЦВК аб адмове яму ў рэгістрацыі ў Вярхоўным судзе.

Уладзімір Правальскі адмаўляе, што падчас збору подпісаў карыстаўся ксераксам


Гэта не дапамагло, і пасведчання кандыдата ён не атрымаў. Прычым Лідзія Ярмошына адзначыла, што Правальскі мог бы даць фору нават Астапу Бэндару.

Прэтэнзій да дэкларацый Кастусёва, Лукашэнкі, Раманчука, Рымашэўскага, Саннікава і Статкевіча не было. Адносна астатніх у ЦВК узніклі пытанні. Так, па словах Мікалая Лазавіка, Алесь Міхалевіч завысіў даходы за мінулы год сваёй жонкі на 931 тысячу 414 рублёў. Уладзімір Някляеў не прызнаўся выбарчай камісіі ў наяўнасці ў яго 20 акцый “Парытэтбанка”. Віктар Цярэшчанка не ўпісаў у спіс сваёй маёмасці аўтамабіль ВАЗ. Праўда, потым высветлілася, што гэтую машыну ў яго скралі 19 гадоў таму. А Дзмітрый Ус занізіў свае даходы на 4,5 мільёны. Праўда, нішто з гэтага не стала падставай для адмовы ў рэгістрацыі.











Усе новаспечаныя кандыдаты выступілі з кароткай прамовай. Амаль кожны звяртаў увагу на несумленнасць фармавання участковых выбарчых камісій. Кастусёў звярнуў увагу на адсутнасць доступу да афіцыйных СМІ і неспрыяльныя ўмовы існавання незалежных медый. Раманчук заявіў пра неабходнасць запрашэння на Ўсебеларускі сход усіх кандыдатаў, а не толькі Лукашэнкі. Таксама ён падараваў старшыні Лідзіі Ярмошынай альбом, прысвечаны Парыжу. Нагадаем, што Ярмошына згодна з санкцыямі Еўрасаюза з'яўляецца неўязной ў краіны Еўропы. Між тым, сама чыноўніца ў інтэрв'ю Еўрарадыё казала, што марыць пабываць у Парыжы.



Саннікаў абвясціў хвіліну маўчання па зніклым экс-старшыні ЦВК Віктару Ганчару. А Статкевіч гучна назваў гэтыя выбары фарсам, дзе ён не хоча быць клоунам і паабяцаў, што будзе дамагацца справядлівых выбараў.

Былі прэтэнзіі ды выбарчай кампаніі і ў Цярэшчанкі з Усам.

Віктар Цярэшчанка

Дзмітрый Ус

 І толькі Радзькоў, які прадстаўляў кандыдата Лукашэнку, ды Міхалевіч выказвалі падзякі.

Адразу пасля ўручэння пасведчанняў ЦВК правёў латарэю, на якой вызначылі парадак выступу кандыдатаў у СМІ.

Да таго ж, ЦВК прагаласаваў за тое, каб 4 снежня на тэлебачанні і 5 – на радыё ў прамым эфіры прайшлі дэбаты кандыдатаў.

Карэспандэнт Еўрарадыё запытаўся Аляксандра Радзькова, ці пойдзе на дэбаты Аляксандр Лукашэнка.



Аляксандр Радзькоў: “Ён больш дае магчымасці, і гэта дэмакратычна, тым, хто менш бывае на тэлебачанні ці на плошчы газетнай. Таму, ён будзе прымаць рашэнне. Але звычайна ён кажа, што яго і так шмат”.

Кастусёў і прадстаўнік Лукашэнкі Радзькоў увесь час пра нешта перашэптваліся


Дарэчы, на дэбаты радыё і тэлебачанне выдзелілі ўсяго па адной гадзіне свайго часу. Але і гэта, як прызналася Лідзія Ярмошына, адбылося толькі пасля неаднаразовых зваротаў прэтэндэнтаў у прэзідэнты і па просьбе АБСЕ.

На выхадзе з Палаца Рэспублікі кандыдатаў сустракалі іх прыхільнікі. Асабліва шчыравалі прыхільнікі Някляева, Саннікава, Раманчука і Кастусёва. Сам жа Някляеў назіраў за тым, што адбываецца на Кастрычніцкай плошчы праз вэб-камеру з ноўтбука. І адказваў на любыя пытанні ўсіх цікаўных. Дарэчы, ён паабяцаў, што як толькі вернецца з Польшчы, паспрабуе яшчэ раз вырашыць пытанне з адзіным кандыдатам.










Тым часам на вуліцы кандыдатаў чакалі іх прыхільнікі і Някляеў у ноўтбуку


Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі