Кандыдатаў у выбарчыя камісіі журы адбірае па конкурсе

11 ліпеня Цэнтрвыбаркам спыніў прыём заяў на вылучэнне кандыдатур у склад акруговых выбарчых камісій. Канчатковая лічба пададзеных заяў – 1853. А максімальная колькасць чальцоў усіх 110 камісій – 1430. Каб пазбавіцца лішніх, Цэнтрвыбаркам прызначыў конкурс. У складзе журы – чыноўнікі аблвыканкамаў. Еўрарадыё вырашыла даведацца, якія шанцы прайсці конкурсны адбор у кандыдатаў ад апазіцыі. Пра тое, што вызначэнне складу акруговых выбарчых камісій будзе уяўляць сабой конкурс, Еўрарадыё заявіў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

Мікалай Лазавік: “Усяго вылучылі ў 110 акруговых выбарчых камісій кандыдатуры 1853 чалавек. Калі браць агулам па краіне, то на 1 выбарчую камісію выпадае прыблізна 16-17 чалавек. Традыцыйна акруговыя выбарчыя камісіі ў нас фарміруюцца ў складзе 11-13 чалавек. Можна сказаць, што ёсць пэўны конкурс, будзе пэўнае спаборніцтва, і органам, якія фарміруюць камісіі ёсць з каго выбіраць. Права фармаваць камісіі прадстаўлена аблвыканкамам і прэзідыюмам абласных саветаў дэпутатаў”.

Па словах сакратара Цэнтрвыбаркама, найбольшую актыўнасць праявілі не партыі ці грамадскія аб’яднання, а шараговыя грамадзяне краіны. Менавіта іх прадстаўнікі шляхам збору подпісаў падалі больш за ўсё заяў.

Мікалай Лазавік:
“Больш за ўсё заяў прыйшло ад грамадзян – 738 чалавек, альбо 39,9 %. Ад працоўных калектываў – 272 чалавек, альбо 14,7%. Ад палітычных партый – 371, альбо 20%. І грамадскія арганізацыі – 470 чалавек, што складае 25,4%”.

Па яго словах, канчатковы склад выбарчых камісій будзе вядомы 15 ліпеня. Еўрарадыё вырашыла даведацца, якіх вынікаў для сябе чакае ад конкурсу, аб’яўленага Цэнтрвыбаркамам, апазіцыя.

Лідэр Аб’яднанай грамадянскай партыі, сустаршыня АДС Анатоль Лябедзька схільны меркаваць, што прадстаўнікоў Аб’яднаных дэмакратычных сіл у склад камісій уключаць. Але гэта будуць не вынікі нейкага там конкурсу, а палітычнае рашэнне ўладаў.

Анатоль Лябедзька: “Цяпер “чырвоны дом” гуляе ў гульню з еўрапейскай супольнасцю, Еўрапейскім Саюзам, і нічым ім не пагражае, калі з 9-13 сябраў акруговай выбарчай камісіі адзін выкажа асобную думку. Конкурсу не будзе, будзе толькі палітычнае рашэнне”.

Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслаў Шушкевіч не верыць, што нават палітычнае рашэнне, прынятае чыноўнікамі выканкама, будзе мець прыстойны выгляд.

Станіслаў Шушкевіч: “Я не ведаю, чым будзе кіравацца чынавенства выканкамаўскае. Я даволі даўно не чуў ніякіх прыстойных палітычных рашэнняў з іх боку. Мы проста хочам, каб гэта крывадушша ўлады было відавочным, і таму мы, калі яны так заявілі, мы падалі адпаведныя заяўкі”.

Каардынатар “Еўрапейскай кааліцыі” Мікалай Статкевіч расказаў Еўрарадыё, што іх прадстаўніка Пятра Мігурскага ўчора ўвялі ў склад выбарчай камісіі Шклоўскай выбарчай акругі. Але ў кааліцыі не ведаюць, што рабіць з гэтым рашэннем чыноўнікаў аблвыканкама. Мігурскі збіраўся балатавацца ў дэпутаты, а сябрам выбарчай камісіі ўдзельнічаць у выбарах нельга.

Мікалай Статкевіч: “Кіраўнік спісу па Магілёўскай вобласці Пётр Мігурскі быў уключаны ў выбарчую акруговую камісію па Шклоўскай акрузе, дзе збіраўся балатавацца. Зараз ён разважае, што яму рабіць. І мы таксама разважаем – ці то крок з боку ўладаў станоўчы, ці гэта проста такі хітрык, каб не дазволіць яму балатавацца ў якасці кандыдата ў дэпутаты”.

Найбольшым аптымізмам на фоне астатніх вулучаецца лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч. Кажа, улады зацікаўленыя, каб у камісіі патрапілі людзі, якія ведаюць, у чым заключаецца праца камісіі і што ад іх патрабуецца. І такія людзі, па яго словах, у ліберал-дэмакратаў ёсць.

Сяргей Гайдукевіч: “У мяне надзея ёсць. Бо ў нас людзі дастаткова падрыхтаваныя, якія ўжо ўдзельнічалі ў такіх мерапрыемствах. Дурню зразумела, што мясцовыя ўлады не хочуць браць чалавека, якога трэба вучыць. Гэта не так проста, любая камісія. Я стараўся такіх падбіраць. Але колькі ў мяне патрапіць, які гэта будзе адсотак, у якой вобласці мы пройдзем, ці пройдзем у Мінску, мне вельмі цяжка сказаць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі