Канфлікт паміж кампаніяй МТС і жыхарамі Маладзечна

Ужо месяц цягнецца канфлікт паміж кампаніяй МТС і жыхарамі горада Маладзечна. Пра гісторыю канфлікту расказвае карэспандэнт Еўрарадыё Зміцер Панямонаў: "Мачту сувязі паставілі на даху крамы “Дзіцячы свет”, якая непасрэдна прымыкае да дома № 111 па вуліцы Вялікі Гасцінец. Канструкцыя знаходзіцца не далей, чым у 30 метрах ад вокнаў жыхароў дома.

Сэнс канфлікту ў тым, што 19 і 26 снежня людзі накіравалі ў райвыканкам два лісты з патрабаванням зняць вышку. Але ўлада заняла нейтральную пазіцыю, прапанаваўшы бакам самастойна вырашыць праблему.

“Мы не зацікаўленыя ў тым, каб у сродках масавай інфармацыі з’яўлялася любая ўзгадка канфлікту паміж кампаніяй МТС і маладзечанцамі”,— так агучыў пазіцыю кампаніі спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Дзмітрый Станюта. “Мы будзем цвёрда стаяць на сваім і гатовыя да любых крокаў, каб не бачыць у сваім акне гэтую канструкцыю”, — сказала адна з актывістак супрацьстаяння.

Некалькі разоў спецыялісты МТС сумесна з прадстаўнікамі цэнтру эпідэміялогіі і гігіены сустракаліся з жыхарамі праблемнага дома. Спроба даказаць бясшкоднасць работы станцыі сувязі не дала станоўчага выніку".

Сапраўды, за апошнія некалькі гадоў мабільны тэлефон перастаў быць каштоўнай цацкай і мярылам багацця. Ён ужо не толькі актуальны сродак сувязі, але і неад’емная частка нашага жыцця.

Але ж тэлефоны не працуюць самі па сабе. Для сувязі патрэбна сетка так званых вышак, праз якія і ажыццяўляецца праца мабільнікаў. І тут узнікае пытанне: як уплываюць на здароўе чалавека гэтыя мачты.

З-за адсутнасці кампетэнтнай інфармацыі жыхары дамоў, побач ці на якіх сотавыя кампаніі ўзводзяць тэлефонныя вышкі, пачынаюць баставаць. Справа ў Маладзечна — гэта ўжо не першы выпадак незадаволенасці насельніцтва ўстаноўкай абсталявання для сотавай сувязі.

З ГІСТОРЫІ ПЫТАННЯ
У 2003 годзе ў Баранавічах людзі дамагліся ад мясцовых уладаў забароны ўсталявання мачты сувязі на воданапорнай вежы ў цэнтры жылога мікрараёну. На гэта спатрэбілася паўгады. Тады мачта была перанесена на тэхнічны будынак, які знаходзіўся на адлегласці 800 метраў ад жылых пабудоў.


Расказаць пра тэхнічны аспект абсталявання вышак сотавай сувязі мы папрасілі загадчыка кафедры радыяцыйнай медыцыны і экалогіі сталічнага медуніверсітэта Аляксандра Стажарава:

"У асноўным энэргія, якая ідзе ад рэтранслятара, ад базавай станцыі, на 90 адсоткаў засяроджана ў галоўным промні. Ён ідзе пад пэўным вуглом і дзесьці спускаецца на зямлю на адлегласці прыкладна 100-150 метраў.

Таму, калі гэты будынак не 9-, ці не 12-павярховы і гледзячы, на якой вышыні стаіць вышка, то ён не павінен проста праецыравацца на будынак. Гэта будзе проста бессэнсоўна ў сэнсе распаўсюджвання радыёхваляў.

Праекціроўшчыкі, якія ўсталёўваюць гэта абсталяванне, яны, канечне, направяць яго вышэй. Гэты будынак проста спыніць прамень, і ён далей ня пойдзе. А як жа будзе зона радыёпакрыцця?

Яна ня будзе забяспечвацца. Прамень ідзе пад 120 градусаў, дзе стаяць антэны, і ідзе прамалінейнае распаўсюджванне".

Згодна з нядаўна праведзеным даследаваннем італьянскіх лекараў, выпраменьванне ад сотавых мачтаў уплывае на рухальную зону кары галаўнога мозга. Але ці з’яўляецца гэты ўплыў шкодным, невядома.

Даследаванні ўплыву тэлефонных станцый даюць супрацьлеглыя вынікі. Так, у мінулым годзе група шведскіх навукоўцаў заявіла, што пастаяннае знаходжанне побач з рэтранслятарамі тэарэтычна можа выклікаць рак галаўнога мозга. Ці ўплываюць на чалавека вышкі мабільнай сувязі, разважае прафесар Аляксандр Стажараў:

"Пад самой антэнай фактычна мёртвая зона, там ніякага выпраменьвання. Але энэргія ў промні змяняецца адваротна прапарцыйна квадрату адлегласці. Таму чым далей, тым менш выпраменьвання".

У кожным выпадку, мачта сувязі ў Маладзечна ўжо стаіць, хоць і не падключаная. 13 студзеня старшыня Маладзечанскага райвыканкаму перадаў жыхарам дома, што меркаванне людзей будзе ўлічана, і, калі яны не зменяць сваю пазіцыю, кампаніі МТС давядзецца зняць мачту.

У той жа час аператару мабільнай сувязі даецца час на перакананне жыхароў дома №111. На дадзены момант ў канфлікце зацішша. Людзі чакаюць, што ўлады стануць на іх бок і абсталяванне будзе знята.

Кампанія МТС не робиць ніякіх захадаў, спадзеючыся, што жыхарам праблемнага дома надакучыць іх барацьба і ўсё паступова забудзецца. Райвыканкам жа чакае, пакуль канфліктоўныя бакі вырашаць усё самі.

Зміцер Траўчук, Еўрапейскае радыё для Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі