Каралева Вялікабрытаніі ўхваліла аднаполыя шлюбы
Цяпер закон, які напярэдадні падтрымаў брытанскі парламент, набыў моц. Першыя геі ў Злучаным Каралеўстве могуць пабрацца шлюбам ужо наступным летам.
Пра гэта паведамляецца ў прэс-рэлізе брытанскага ўрада.
Зацвярджэнне закона Лізаветай ІІ было неабходнай фармальнасцю. Сваю падтрымку ініцыятыве выказаў прэм'ер-міністр краіны, лідар кансерватараў Дэвід Кэмеран. Трэба сказаць, што вялікая колькасць сябраў менавіта гэтай партыі выказвалася супраць таго, каб геям дазвалялася брацца шлюбам.
У падтрымку аднаполых шлюбаў выказаліся таксама лідар ліберал-дэмакратаў Нік Клег і кіраўнік Лейбарысцкай партыі Эд Мілібэнд.
У апошнія месяцы адразу некалькі краін легалізавалі аднаполыя шлюбы. У сярэдзіне траўня яны сталі законнымі ў Бразіліі і Францыі. А ў канцы чэрвеня Вярхоўны суд ЗША прызнаў неканстытуцыйным федэральны закон пра абарону шлюбаў, паводле якога шлюбам прызнаецца толькі саюз мужчыны і жанчыны. Такім чынам, аднаполыя шлюбы былі фактычна легалізаваныя і ў ЗША, паведамляе РБК.