Кассиопея "Стивен Кинг и мы"
Дзякуючы ўсё таму ж маскоўскаму незалежнаму лэйблу “Снегири”, спецпоп-трыа “Кассиопея” афіцыйна выдала другі па ліку альбом з простай назвай “Стивен Кинг и мы”.
Працытуем Аляксандра Ліберзона, ідэолага “Кассиопеи”: “Агульная накіраванасць песень – дзіўнае побач. Адсюль і Стывен Кінг – найлепшы ілюстратар дзіўнага і проста добры чалавек”.
У адрозненні ад свайго афіцыйнага папярэдніка-бэста, “Стивен Кинг и мы”
– цэласная ў канцэптуальным і музычным плане праца. Казачнае трыа, ад
якога можна чакаць чаго заўгодна, звярнулася да тэмы Смерці. Ужо з
першай песні гучыць прызыў “пора в петлю, готовь петлю, но не даёт Щупальце с планеты Икс”. Тое самае, пазычанае ў Стывена Кінга…
Варта заўважыць, што Смерць у альбоме “Стивен Кинг и мы” хоць і выглядае як “Неинтересная женщина”,
аднак асаблівай жорсткасцю не вызначаецца. Нават наадварот, ратуе героя
Ліберзона-Чарапко-Сакалова ад…згубы. Такая вось, добрая Смерць…
Багатай
вобразнасці песень альбома можна толькі пазайздросціць. Напрыклад,
нельга не парадавацца за ліфт, які стаў шчаслівым пасля таго, як у яго
ўвайшоў Пушкін у гусіным пер’і.
Музыкі выкарыстоўваюць поўны
набор атрыбутаў і істот, звязаных з тэмай Смерці: Рай, Анёлы, грахі,
Бог, і распавядаюць дзіўныя гісторыі, вартыя сцэнарыяў серыялаў(“Рыбак и фигуристка”).
“Залатой сярэдзінай” дыска з’яўляецца кавер на знакамітую песню “Ветер знает” аўтарства пакойнага Васі Шугалея. І зноў звернемся да Аляксандра Ліберзона:
“Для мяне гэта такая песня, якая магла б гучаць, калі Васю спальвалі ў
крэматорыі. Калі мяне будуць спальваць, папрашу, каб гучала. Яна вельмі
страшная, вядома, аднак жудасна слёзатачывая і, па-мойму, такая, з
гусінай скурай”.
Цікава, што Смерць з альбома “Стивен Кинг и мы”
страшна танцавальная і жыццярадасная, хоць часам яна і паўстае ў
мульцяшна-лялечным вобразе, якому адпавядаюць вуглаватыя і
востра-глухія гукі сінтэзатараў. Тым не менш, музыкі – вядомыя
інтэлектуалы і эстэты – выхоўваюць дух слухача, і вучаць яго радасна і
па-добраму ставіцца да сваёй дзіўнай і невядомай (той, што на небе)
будучыні.