Казулін і Клімаў на амністыю не спадзяюцца?

Былы кандыдат у прэзідэнты не патрапіць пад амністыю таму, што не кампенсаваў матэрыяльныя страты АМАПаўца.
Прэзідэнт накіраваў у Палату прадстаўнікоў праект закону аб амністыі. Колькасць тых, хто выйдзе на волю, ужо падлічылі -- 3512 зняволеных. У першую чаргу тыя, чый тэрмін зняволення не перавышае 6 гадоў, хворыя на туберкулёз, цяжарныя, непаўналетнія.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці патрапяць пад прэзідэнцкую амністыю палітзняволеныя Аляксандр Казулін і Андрэй Клімаў. Абодва фармальна адпавядаюць патрабаванням.
У жонкі экс-кандыдата ў презідэнты Ірыны Казулінай настрой далёка не аптымістычны.

Ірына Казуліна: “За гэтыя паўтары гады ў мяне было столькі спадзяванняў! І ўсе яны разбіваліся ўшчэнт. Я буду радавацца толькі тады, калі ўбачу Аляксандра дома. Але асабліва, сказаць па праўдзе, не спадзяюся. Тут не залежыць ад таго, амністыя гэта ці не амністыя. Як распарадзіцца галоўны кіраўнік краіны, так яно і будзе”.

На пытанне карэспандэнта Еўрарадыё, ці можа трапіць пад амністыю Казулін, сенатар Савета рэспублікі Мікалай Чаргінец прама адказваць не захацеў.

Мікалай Чаргінец: “Размова ідзе пра асоб, якія здзейснілі злачынства. Мне цяжка сказаць наконт Казуліна, я не чытаў сам праект закону. Трэба яго чытаць і, зыходзячы з тых палажэнняў, якія закладзеныя ў сам закон, выходзіць на абмеркаванне канкрэтных асоб”.

Старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Анатоль Белашэўскі падчас размовы з журналістам Еўрарадыё нават саромеўся называць прозвішчы асуджаных палітыкаў. І так сама сарамліва адзначыў, што спадзявацца ім на амністыю пакуль рана.

Анатоль Белашэўскі: “Праект рыхтаваўся такім чынам, што прадугледжвае, што туды трапляюць тыя, у каго санкцыі да 6 гадоў пазбаўлення волі, і казаць, што туды патрапяць гэтыя грамадзяне, што вы сказалі – Клімаў і другі, – пакуль рана. Бо яшчэ могуць уносіць нейкія папраўкі дэпутаты ў гэты закон”.

Тым часам, Ірына Казуліна звярнула ўвагу на тое, што згодна з праектам закону, на амністыю могуць разлічваць толькі тыя асуджаныя, хто не мае прэтэнзіяў з боку адміністрацыі месцаў зняволення на паводзіны, хто кампенсаваў матэрыяльныя страты ці дапамагаў следству. У Аляксандра Казуліна ёсць тры папярэджанні, ён не кампенсаваў матэрыяльныя страты АМАПаўца, пацярпелага ў валтузні падчас прарыву кандыдата ў прэзідэнты на Усебеларускі сход, і следству не дапамагаў.

На думку адваката Ігара Рынкевіча, амністыя, якую чакалі то да 9 траўня, то да Дня незалежнасці 3 ліпеня, праводзіцца прэзідэнтам не для самой амністыі.

Ігар Рынкевіч: “У гэтым годзе амністыя стала інструментам палітычнага гандлю з Еўропай. Лукашэнка гуляе з еўрапейскай бюракратыяй, і тая амаль што яму верыць”.

Па словах адваката, дарэмна спадзявацца на амністыю і Андрэю Клімаву.

Ігар Рынкевіч: “Лукашэнка зноў унёс крытэр новы ў гэту амністыю: яна распаўсюджваецца толькі на тых, у каго прысуд ужо ўступіў у сілу. Адпаведна, суд і следчыя не могуць распаўсюджваць амністыю. Адміністрацыя калоніі павінна даць набходную інфармацыю па зняволеных, і тады будзе прымацца рашэнне”.

Такім чынам, нават калі асуджаны палітык не змірыўся з прысудам і абскардзіў яго, то і пасля разгляду скаргі ў Мінскім гарадскім судзе і ўступлення прысуду ў законную сілу Клімаў, тэарэтычна, пад амністыю трапляе – пакуль дэпутаты і сенатары разгледзяць і зацвердзяць праект закону, палітык ужо будзе знаходзіцца ў калоніі.

Акрамя таго, тэрмін зняволення і стан здароўя палітыка дазваляюць яму на гэта спадзявацца. Вось толькі адвакат упэўнены ў марнасці такіх спадзяванняў.

Ігар Рынкевіч: “Калі Міністэрства ўнутраных спраў ужо ведае, колькі будзе па гэтай амністыі вызвалена, то я думаю, што яны ведаюць і хто асабіста будзе вызвалены”.

Старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы Анатоль Белашэўскі кажа, што абвешчаная лічба будучых амніставаных не можа быць дакладнай ужо сёння. Таму, калі іх у выніку будзе не 3512, а 3510, то не цяжка будзе здагадацца, на каго амністыя не распаўсюдзілася.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі