Казуліну ў калоніі “Віцьба-3” ствараюць “інфармацыйны вакуум”

Андрэй Клімаў і Павел Севярынец у гэтым вакууме знаходзяцца і зараз, а Артур Фінькевіч на перашкоды ў атрыманні і адпраўцы інфармацыі “на волю” паскардзіцца не можа.
Днямі Ірына Казуліна атрымала ліст з калоніі “Віцьба-3”. У лісце Аляксандр Казулін расказаў пра тое, што ў дачыненні да яго “дбайна захоўваецца інфармацыйны вакуум”. Пра тое, што мелася на ўвазе, Еўрарадыё даведалася ў жонкі вязня.

Ірына Казуліна: “Я ведаю дакладна, што лісты, якія ён піша Сяргею Скрабцу, з якім ён пэўны час сядзеў разам у гэтай калоніі, не забіраюць і за межы калоніі яны не выходзяць”.

Што гэта значыць і чаму так адбываецца, Ірына Казуліна ў начальніка калоніі пакуль не цікавілася. Не прасіла высветліць гэта яна і адваката Змітра Гарачку. Але сваё меркаванне на гэты конт выказала.

Ірына Казуліна: “Я гэта расцэньваю як вялікі страх уладаў перад Казуліным нават у калоніі. Чаму яны не даюць Казуліну кантактаваць з блізкімі па духу людзьмі? Баяцца, што яго ідэі будуць выходзіць на свабоду і распаўсюджвацца сярод людзей”.

Па словах жонкі палітыка, Казулін пакуль атрымлівае ўсю тую прэсу, якую яму выпісалі па ягонай просьбе.

Ірына Казуліна: “Былі пэўныя праблемы, але зараз яны ўлагоджаныя, і ён атрымлівае ўсё, што мы яму выпісалі”.

Расказаў Аляксандр Казулін ў сваім апошнім лісце жонцы і пра стан свайго здароўя. Па яе словах, яго фізічны стан да гэтага часу не аднавіўся.

Ірына Казуліна: “Ён мне расказаў, што не можа вярнуцца да таго ўзроўня здароўю, які ў яго быў да арышту. Нестабільнае здароўе, скажам так. У яго яшчэ баліць спіна і нага. Гэта наступства таго збіцця, якое было падчас арышту”.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці не пачалі ствараць “інфармацыйны вакуум” іншым палітзняволеным? Моладзевы актывіст Артур Фінькевіч быў асуджаны 10 траўня 2006 года да двух гадоў абмежавання волі (“хіміі”) за нанясенне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў палітычных графіці “Мы хочам новага!” і “Дастаў!” Адбывае пакаранне ў Магілёўскай спецкамендатуры. Працуе на будоўлі. У спецкамендатуры на Фінькевіча ўжо ёсць тры папярэджанні ад адміністрацыі за парушэнне рэжыму. Пасля чарговай заўвагі ён можа быць пераведзены ў калонію. Але на стварэнне вакол яго інфармацыйнага вакууму Артур паскардзіцца не можа.

Артур Фінькевіч: “З лістамі такіх праблемаў няма. Безумоўна, я некалькі разоў заўважаў, што лісты чыталі. А калі чалавек знаходзіцца ў калоніі, то там чытаюць усе лісты, там ёсць цэнзура. І цэнзары могуць па заканадаўстве вычытваць усю карэспандэнцыю зняволенага на працягу 5 дзён”.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання Андрэй Клімаў быў арыштаваны 3 красавіка 2007 года за апублікаваныя ў Інтэрнэце публіцыстычныя артыкулы. Супраць палітыка была распачатая крымінальная справа па артыкуле 361 ч.3 Крымінальнага кодэксу “Заклікі да звяржэння або змены канстытуцыйнага ладу, ажыццёўленыя з дапамогай СМІ”. Андрэй Клімаў утрымліваецца ў СІЗА №1 г. Менска. Там жа пэўны час таму ў палітыка здарыўся сардэчны прыступ. З таго часу ніякай інфармацыі пра зняволенага і стан яго здароўя ў сродках масавай інфармацыі не з’яўлялася. Толькі вядома, што суд над ім, хутчэй за ўсё, будзе закрытым. Калі і дзе -- невядома. Датэлефанавацца ягонай жонцы Еўрарадыё не ўдалося: ні адзін з тэлефонаў не адказваў.

У поўным інфармацыйным вакууме знаходзіцца і Павел Севярынец. 22 жніўня Маскоўскі суд Брэста асудзіў яго на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Паўла абвінавацілі ў арганізацыі і правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства. Тым мерапрыемствам была прэзентацыя кнігі Севярынца “Лісты з лесу”, якая праходзіла 19 жніўня ў офісе брэсцкай гарадской філіі Партыі БНФ. 31 жніўня Еўрарадыё спрабавала дазваніцца на нумар мабільнага тэлефона Паўла, але той быў адключаны. Як расказаў Еўрарадыё бацька палітыка Кастусь Севярынец, атрымліваць якую-небудзь інфармацыю ад сына яны таксама не маюць ніякай магчымасці. Маці, Таццяна Севярынец, вазіла яму ў Брэст перадачу, але сустрэцца ім не дазволілі.

Кастусь Севярынец: “Хлопец, які сядзеў там за дробнае хуліганства, выйшаў і патэлефанаваў нам з Брэста, бо паабяцаў гэта Паўлу. Расказаў, што ўсё ў яго нармалёва і ладзілі яны там паміж сабою добра. Вось і ўсё, што мы ведаем”.

Фота — !borghetti

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі