Кіеў усё ж запаліў агні на навагодняй яліне. А як гэта было летась?
Агні на галоўнай кіеўскай яліне традыцыйна запальваюць у Дзень святога Мікалая, 19 снежня / фота ілюстрацыйнае, pixabay
Кіеў запаліў агні на галоўнай ёлцы насуперак блэкаўту і вайне. Фота яліны, якую традыцыйна ўсталёўваюць на Сафійскай плошчы, апублікаваў мэр горада Віталь Клічко.
Кожны год агні на ёй запальваюць у адзін і той жа дзень, 19 снежня, у свята святога Мікалая.
“Сёлета было шмат дыскусій — ці варта ставіць яліну, калі мы жывём ва ўмовах ваеннага становішча, абстрэлаў і адключэнняў электраэнергіі. Але мы прынялі правільнае рашэнне. Яліна павінна быць! У нашых дзяцей павінна быць свята! Нягледзячы на ўсе спробы расійскіх варвараў пазбавіць украінцаў радасці Раства і Новага года", — напісаў Клічко.
Ён прызнаў, што сёлета фармат святкаванняў будзе іншым, ды і яліна не будзе такой жа вялікай і прыгожай, як раней. Летась на плошчы ўсталявалі яліну вышынёй 31 метр, сёлета яе вышыня — 12 метраў. І імя ў яе ваеннае: "Яліна нязломнасці".
"Я перакананы, што менавіта жаданне міру і перамогі загадваюць украінцы сёння, у свята Мікалая-Цудатворцы", — піша Клічко.
Год таму нашы карэспандэнты сустракалі Новы год у розных гарадах свету. Некаторыя з іх — у Кіеве. І ў іх архівах захаваліся фатаграфіі "мірнай" кіеўскай елкі. Вось якой была ўкраінская сталіца год таму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.