Кіеў заклапочаны вялікімі пастаўкамі беларускага мяса і цукру

Новая ўкраінская ўлада не задаволеная тым, што значна павелічыліся пастаўкі беларускага мяса і цукру на ўкраінскі рынак.  Міністр аграрнай палітыкі Ўкраіны Мікалай Прысяжнюк нагадаў, што нацыянальнае заканадаўства дазваляе ўвоз мяса і мясной сыравіны толькі з жывёл, выгадаваных на тэрыторыі краіны-экспарцёра. Украінскі бок заяўляе, што большасць праінспектаваных перапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі не выконваюць гэтыя патрабаванні. Украіна таксама занепакоеная дэмпінгавымі цэнамі, па якіх на ўкраінскім рынку рэалізуецца беларуская жывёлагадоўчая прадукцыя.  

"Мінаграпалітыкі Ўкраіны шчыра спадзяецца на вырашэнне праблемных пытанняў і пашырэнне ўкраінскага-беларускага супрацоўніцтва ў галіне АПК. Канкрэтныя шляхі актывізацыі супрацоўніцтва палягаюць, у прыватнасці, у правядзенні абодвума бакамі інспектавання прадпрыемстваў, зацікаўленых у пастаўках бяспечнай і якаснай жывёлагадоўчай прадукцыі на рынкі Ўкраіны і Беларусі, у вырашэнні пытання пра цэнавыя параметры ўвозу ва Ўкраіну беларускай малочнай прадукцыі, у вызначэнні пазіцыі наконт колькасных паставак беларускага цукру", — сказаў Прысяжнюк амбасадару Беларусі ва Ўкраіне Валянціну Вялічку падчас сустрэчы напярэдадні чарговага паседжання міжурадавай беларуска-ўкраінскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве.  

Аднак, нягледзячы на праблемы, Беларусь і Украіна плануюць заўтра падпісаць шэраг  двухбаковых дакументаў. Па словах першага віцэ-прэм'ера Ўкраіны Андрэя Клюева, ужо падрыхтаваны шэраг дакументаў. Яны тычацца супрацоўніцтва ў машынабудаванні, энергетыцы, хімічнай галіне, сельскай гаспадарцы, а таксама супрацоўніцтва памежных рэгіёнаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі