Кіраўнік Мінэнерга Расіі: Пытанне пра зніжку на газ для Беларусі не разглядаецца
Пытанне пра зніжку на газ для Беларусі не разглядаецца, цана павінна вызначацца ў рамках дзейнага кантракта. Такую заяву 27 траўня зрабіў кіраўнік Мінэнерга Расіі Аляксандр Новак. "Наша пазіцыя заключаецца ў тым, што падпісаны кантракт, які дзейнічае на перыяд 2015-2016 гадоў. У рамках гэтага кантракта агаворана формула, якая прадугледжана дзейным пагадненнем. Гэты кантракт ніхто не адмяняў, па ім беларускі бок плаціў у 2015 годзе і павінен плаціць у 2016 годзе", — цытуе словы Новака ТАСС.
БелаПАН нагадвае, што газавая спрэчка і перамовы паміж Беларуссю і Расіяй на гэтую тэму вядуцца са студзеня 2016-га. Прадстаўнікі Расіі неаднаразова заяўлялі аб немэтазгоднасці зніжаць цану на газ для нашай краіны. Беларускі бок лічыць, што мае права разлічваць на зніжэнне цаны прыкладна да 80 долараў за тысячу кубаметраў замест цяперашніх 142. Расійскі бок указвае, што цана паставак газу для Беларусі складае 132 долары за 1 тысячу кубаметраў.